ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Душпастарства акадэмічнай і працуючай моладзі Гродна “OPEN” запрашае новых удзельнікаў! Будзь разам з намі!

З жыцця Касцёла

Кс. Антоній ГрэмзаХто мы:
    Мы – супольнасць акадэмічнай і працуючай моладзі з розных парафій Гродна і мясцовасцей Гродзенскай вобласці. Мы – група маладых людзей пад душпастарскай апекай, якіх яднае супольнае жаданне быць разам. Душпастарсва – гэта наша другая сям’я.
   
    Наша назва:
    OPEN – англійскае слова, пераклад якога ўсім добра вядомы – “адкрыты”. Таму нашу супольнасць можна яшчэ назваць “Адкрытае душпастарства”.
   
    Мэты “Адкрытага душпастарства”:
    Праз адкрытасць на Бога адкрывацца на бліжняга. Што гэта значыць? Першая мэта – быць адкрытым на Бога, ласку Хрыста і Яго Касцёл. Другая мэта – вучыцца адкрытасці на кожнага чалавека. Любоў да Бога прыспешвае нас, каб мы жылі ў прыязнасці з іншымі людзьмі. Праз паставу адкрытасці мы будуем душпастарскую супольнасць “OPEN”.

    Наш узрост:
    Дакладная дата нараджэння Душпастарства – 28.09.2006 г. Тады адбылася наша першая сустрэча. Таму ў хуткім часе нам споўніцца восем гадоў. 2014/2015 навучальны год будзе ўжо дзявятым годам нашай дзейнасці і супольнага развіцця. З перспектывы васьмі папярэдніх гадоў можна заўважыць, што мы сталі адной вялікай сям’ёй братоў і сясцёр, узбагаціліся новым вопытам і маем вялікія планы на будучыню.
   
Моладзь душпастарства “OPEN” са сваім душпастарам падчас сустрэчы Тэзэ    Удзельнікі:
    Дзяўчаты і хлопцы розных узростаў – ад студэнтаў, якія толькі распачынаюць навучанне або ўжо навучаюцца ў ВНУ, да працаўнікоў і служачых заводаў і прадпрыемстваў горада. Гэта цэлае мноства тых людзей, якія, скончыўшы навучанне, далей застаюцца ў сваім Душпастарстве. Нягледзячы на розніцу ўзросту, мы не баімся адзін аднаго і не ізалюемся, мы будуем памост з энтузіязму маладых людзей і вопыту сталых удзельнікаў. Наш дэвіз: “Будучыня ў Вашых сэрцах і руках”.
    Асновай і ўнутраным “рухавіком” нашага Душпастарства з’яўляюцца словы св. Яна Паўла II, якія ён адрасаваў моладзі свету падчас XVII Сусветных дзён моладзі ў Таронта (Канада). Гэта словы духоўнай праграмы будавання разам з Богам цывілізацыі любові – будучыня ў нашых сэрцах і руках!
    “Імкненні чалавецтва сярод незлічоных несправядлівасцей і пакут з’яўляюцца надзеяй новай цывілізацыі, пазначанай свабодай і супакоем. Але для такога пачынання патрэбна новае пакаленне будаўнікоў. Заахвочаныя не страхам і насіллем, а сталай неабходнасцю сапраўднай любові, яны павінны навучыцца будаваць, цаглінка за цаглінкай, горад Бога пасярод горада людзей. Дазвольце мне, дарагая Моладзь, ускласці гэтую надзею на Вас: гэта Вы павінны быць гэтымі «будаўнікамі», гэта Вы – людзі заўтрашняга дня. Будучыня ў Вашых сэрцах і руках. Бог даручае нам гэтую задачу, складаную і высакародную адначасова, – будаўніцтва разам з Ім цывілізацыі любові” (св. Ян Павел II, Папа).
   
    Наш душпастарскі цэнтр і месца сустрэч:
    Рэктаральны касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, называемы “Брыгідкамі”. У ім рэгулярна ў кожны чацвер навучальнага года (ад пачатку верасня да канца чэрвеня) у 19.15 мы перажываем сустрэчу з Хрыстом на Эўхарыстыі, а ў кожную пятніцу ў 20.30 – на адарацыі. У залах пад касцёлам ад панядзелка па пятніцу па вечарах мы збіраемся за кубкам гарбаты ці кавы на сустрэчу ці супольную размову. Для супольных сустрэч пасля св. Імшы па чацвяргах навучальнага года а 20-й гадзіне мы збіраемся ў вялікай зале, якую ў сваім манастыры прапануюць нам сёстры назарэтанкі.
   
    Наш адрас:
    Гродна, вул. Маладзёжная, 2 (вул. К. Маркса, 26), недалёка ад галоўнага будынка пошты і скрыжавання вуліц Маладзёжная і К. Маркса.
    Тэлефоны:
    Стацыянарны – (0152) 77-01-81; мабільны МТС – (8029) 286-31-78 (кс. Антоній).
   
    Што мы робім:
    Як Душпастарства ў кожны чацвер мы будуем супольнасць праз удзел у св. Імшы ў 19.15 (у касцёле), а пасля Імшы – праз катэхезу, дыскусіі, сустрэчы з цікавымі людзьмі, супольную радасць а 20-й гадзіне (у зале манастыра сясцёр назарэтанак).
   
    У нас ёсць таксама падгрупы:
    Біблійная група: мы знаёмімся з Бібліяй і разважаем над Божым словам – у кожны панядзелак у 20.00 (у залах пад касцёлам).
    Дабрачынная група: мы служым і нясём радасць хворым дзецям. Навучанне валанцёраў – кожны аўторак у 20.00 (у залах пад касцёлам).
    Музычная група: праслаўляем Пана спевам і музыкай. Практыкаванні ў кожную сераду ў 20.00 (у касцёле).
    Адарацыйная група: усхваляем Пана перад Найсвяцейшым Сакрамантам у кожную пятніцу ў 20.00 (у касцёле).
    Акрамя гэтага, нас яднае супольны адпачынак і паездкі, пілігрымкі і рэкалекцыі. У нас заўсёды ёсць час адзін для аднаго. Час для нас – гэта любоў і заданне аб памнажэнні ўзаемнай прыязнасці. Вялікім дасягненнем і дарам ад Пана з’яўляюцца маладыя сужэнствы нашага душпастарства. Іх ужо больш за дваццаць. Бог з’яднаў сужэнцаў праз непасрэдны ці пасрэдны ўдзел у жыцці Душпастарства. Сустрэчы маладых сужэнстваў адбываюцца ў касцёле ў кожную першую нядзелю месяца а 16-й гадзіне.
   
    Наша падрабязная праграма:
    Усе сустрэчы ў Душпастарстве пачынаюцца з 4 верасня св. Імшой у 19.15 і першай сустрэчай пасля летняга перапынку. Падрабязную праграму тэм катэхез на кожны чацвер мы вызначаем разам. Пад сталай душпастарскай апекай мы шукаем адказы на складаныя пытанні і праблемы, якія нас асабліва цікавяць і непакояць, у Божым слове і навучанні каталіцкага Касцёла.
   
    Пажаданне:
    Жадаем усім нашым равеснікам, а асабліва студэнтам і вучням розных навучальных устаноў Гродна аказацца ў такой супольнасці, як наша. Калі вы яшчэ не знайшлі яе, то запрашаем да нас і чакаем усіх у Душпастарстве “OPEN”.
    Кс. Антоній Грэмза, душпастар, і ўдзельнікі Душпастарства акадэмічнай і працуючай моладзі Гродна “OPEN”
   
Запрашаем!
    Сваё запрашэнне мы скіроўваем студэнтам, працуючай моладзі, тым, хто шукае, сумняваецца, а таксама ўсім жадаючым.
    Ты хацеў бы рэалізавацца, Ты згубіўся і хацеў бы знайсці дарогу, у Цябе ёсць запал і Ты хацеў бы яго плён перадаць іншым – Ты знайшоў добрае месца. Пазнаёмся з намі і знайдзі час і месца быць у нашым Душпастарстве. Калі Ты маеш дар, арганізацыйны талент і хацеў бы праводзіць асабістыя сустрэчы, заразі нас сваёй ідэяй, пераканай нас, што яе варта рэалізаваць. Мы чакаем актыўных. А таксама тых, хто прагне пазнаваць і слухаць. Душпастарства для Цябе! Стань часткай нашай Супольнасці!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.