ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Кс. Башабора: Выбіраючы жыццё паводле праўды, людзі выбіраюць добры шлях

З жыцця Касцёла

Кс. Башабора з кветкамі і сувенірам з сустрэчы ў Росі7–8 чэрвеня ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Росі адбыліся рэкалекцыі, якія праводзіў кс. Джон Башабора. Маючы свабодную хвіліну, ён згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў для grodnensis.by.
– Ксёндз Джон, гэта Ваш першы візіт у Беларусь? Якія былі Вашы першыя ўражанні, пачуцці, калі Вы ступілі на гэтую зямлю?
    – Так, я тут першы раз і вельмі ахвотна прыехаў сюды. Вельмі шмат чуў пра гэты народ, пра тое, што ён вельмі мірны і спакойны. Я ўбачыў гэтую краіну вельмі зялёнай, і для мяне гэта яшчэ адно сведчанне аб прысутнасці Бога. Вельмі захапляльна! Я адчуваю сябе як дома, адчуваю тут супакой. У гэтай частцы свету я адкрыў для сябе нашмат больш, чым давялося пачуць з вуснаў іншых людзей.

    – Вы маглі б сказаць пра галоўныя перашкоды, якія не даюць людзям крочыць Божым шляхам?
    – Мне здаецца, што людзі, якія трымаюць уладу ў маёй краіне, наклікаюць Божы гнеў. Яны ствараюць такое заканадаўства, якое настройвае людзей супраць Бога. Выходзіць так, што ўсяму (прагрэсу, развіццю – рэд.) перашкодай з’яўляецца Бог, сем’і. Яны паказваюць сваю злосць, намагаючыся стварыць атмасферу адрынутасці людзей Богам, паказаць іх нікчэмнасць. Складваецца такая сітуацыя, што з аднаго боку людзі вераць у Бога, але з другога боку – гневаюцца на сваіх бліжніх. Гэтую злосць і напружанне можна адчуць у маім грамадстве, і мне здаецца, што гэта можа стаць прычынай пачатку пераследу і насілля. Калі мы вызнаём веру ў Бога, мы не можам ствараць атмасферу адрынутасці. І, канечне, яны, асуджаючы нас, гавораць пра нашу грахоўнасць. Аднак Езус кажа, што прыйшоў не для таго, каб асуджаць, але каб збаўляць.
    Я хачу сказаць, што ўрад у маёй краіне прыкладае намаганні, каб знішчыць інстытут сям’і. Даходзіць нават да таго, што яны кожнаму дзіцяці даюць прэзерватывы. Вось я і пытаю ў іх: навошта? Яны пойдуць дадому і што з гэтым будуць рабіць? А пазней яны здзіўляюцца, чаму ж няма дзяцей у сем’ях? Мы пакліканы гаварыць праўду, і менавіта праўда зробіць нас свабоднымі, хоць мы можам за яе памерці, аднак, выбіраючы жыццё паводле праўды, людзі выбіраюць добры шлях.
   
    – Як Вы думаеце, на чым Касцёл павінен засяродзіцца ў сваёй дзейнасці, каб як мага больш людзей стала на шлях духоўнай адновы?
    – Касцёл, перш за ўсё, павінен выйсці насустрач маладым людзям, пачаць размаўляць з імі на іх мове. Наведваючы Польшчу, якая з’яўляецца вельмі каталіцкай краінай, я ўбачыў шмат маладых людзей на вуліцы, у вушах якіх былі навушнікі. Дык вось, калі такая моладзь прыходзіць у касцёл і чуе прамоўленыя стомленым голасам словы, кшталту: “Езус ёсць сярод вас...”, “Езус вас любіць...”, гэта іх не пераконвае, яны не ў стане зразумець такога тыпу мову. Мяркую, што мы павінны як мага больш маладых людзей уцягваць дзейнічаць на карысць новай евангелізацыі. Аднак спачатку мы павінны перайсці на іх мову, іх спосаб экспрэсіі, толькі так мы можам данесці ім праўду аб Хрысце. Я таксама лічу, што ўсходнія краіны, якія маюць моцную традыцыю, маюць святароў, гатовых дапамагчы маладзёнам сваёй парадай. У век сучасных камунікацый святар тым больш павінен валодаць неабходнай інфармацыяй, але перш за ўсё, ён не можа згубіць здольнасць гаварыць ад шчырага сэрца пра Таго, у Каго ён верыць. Бог найперш прамаўляе да сэрца святара, і тады святар з багацця свайго сэрца прамаўляе да іншых сэрцаў. Менавіта гэта прыносіць эфект, гэта спрацоўвае. Калі праз сэрца святара прамаўляе Святы Дух, гэта прыносіць сапраўдны плён. Гэта з’яўляецца нашым найвялікшым выклікам на сёння. Вы прамаўляеце да людзей, а Езус змяняе іх жыцці. Тым не менш, найбольшай нашай заклапочанасцю павінна быць наша грахоўнасць. Мы павінны прапаведаваць Таго, у Каго мы паверылі, і дзейнічаць адпаведна. Гэта сапраўды складана. Мы патрабуем Святога Духа, малітвы і заступніцтва іншых. Мы вельмі шчаслівыя, што вялікая колькасць свецкіх асоб знаходзіцца побач, молячыся з намі ў святыне.
   
    – Сярод тых, хто наве­дваў харызматычныя рэка­лекцыі ў Росі, давялося сустрэцца з неадпаведным, нехрысціянскім стаўленнем некаторых людзей да фізічных аздараўленняў. Што б Вы маглі ім параіць?
    – Калі падчас прапаведавання Слова адбываюцца аздараўленні, фізічныя аздараўленні, то гэтая выключная з’ява мае больш глыбокі сэнс, аздараўленне закранае найперш маю душу і розум. Езус, толькі Ён, з’яўляецца Тым, Хто мае моц нас аздаравіць. Д’ябал намагаецца будаваць сваё валадарства, каб нас бянтэжыць і прыніжаць. Але намаганні злога будуць знішчаны ў момант прыняцця Бога ў нашае жыццё. Ён аздараўляе нас перш за ўсё духоўна, а цялесныя аздараўленні з’яўляюцца наступствам духоўнай перамены.
   
    – Чаго б Вы хацелі пажадаць людзям у Беларусі, а асабліва тым, хто прысутнічае на гэтых рэкалекцыях?
    – Я хачу памаліцца за тое, каб мы моцна ўсвядомілі, што Бог прысутнічае сярод нас. Яго можна адчуць у атмасферы ўзаемнай братэрскай любові. Давайце задумаемся над словамі св. апостала Яна, які кажа, што немагчыма любіць Бога, не любячы бліжняга. Калі мы любім адзін аднаго, тады наш прыклад пачынае прыцягваць іншых. Таксама мы павінны зразумець, што не любоў з’яўляецца богам, але Бог ёсць Любоў. Апошнім часам людзі часта вымаўляюць слова “любоў”, маючы на ўвазе яе цялесны аспект. Менавіта такое разуменне знішчае людскую годнасць. Аднак толькі Бог ёсць Любоў, і Ён з’яўляецца яе крыніцай. Таму я малюся, каб людзі сталі на шлях Сапраўднай Любові і зразумелі, што Ён ёсць Любоў. І толькі тады мы зможам палюбіць адзін аднаго.
   
    – Дзякуй за размову!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.