ГРОДНА
Серада,
01 мая
2024 года
 

Арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці: Быць прадстаўніком Папы ў гэтай краіне – вялікі прывілей

З жыцця Касцёла

Апостальскі нунцый кс. абп Гуджэроці падчас св. ІмшыКасцёл у Беларусі ўступіў у новы год, які можна акрэсліць, як новы этап служэння, паколькі яго пачатак быў азнаменаваны пасвячэннем трох новых біскупаў. Гэтая падзея станоўчым рэхам адбілася ў Касцёле і грамадстве. “Каталіцкі Касцёл у Беларусі – гэта не «Касцёл прыезджых» – асоб, якія прыбылі звонку. Гэта Касцёл, які нарадзіўся тут і меў тут свае карані заўсёды”, – адзначыў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці. Ён пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
- Ваша Эксцэленцыя, што Вы лічыце сваім прыя­рытэтам у служэнні ў Беларусі?
    - Вельмі складана казаць аб прыярытэтах, таму што ў такой цікавай, багатай і нават непрадказальнай краіне прыярытэты прыходзяць самі. Як ведаеце, заданне нунцыя датычыць як адносін з каталіцкай супольнасцю, так і прадстаўніцтва перад беларускай дзяржавай і іншымі інстытутамі, такімі як праваслаўная Царква або культурныя ўстановы. Я павінен сказаць, што цікавасць беларускага боку да каталіцкага Касцёла вялікая. А таму колькасць абавязкаў палітычнага, дыпламатычнага, культурнага характару не меншая за тыя, якія датычаць служэння каталіцкаму Касцёлу ў розных парафіях, падчас розных свят, вялікіх цэлебрацый, а таксама звычайных штодзённых сустрэч. Таму складана казаць пра загадзя вызначаныя прыярытэты. Прыярытэты вызначаюцца асобамі і гістарычнымі момантамі.

    - Што мае першаснае значэнне ў Вашай місіі дыпламата ў Беларусі?
    - Добра вядома, што Апостальская Сталіца жадае бачыць Беларусь краінай, якую ўсе бакі разглядаюць і ўспрымаюць як роўнага партнёра. А значыць, без любых форм ізаляцыі, маргіналізацыі, байкатавання. Гэта прадугледжвае пастаяннае будаванне мастоў, сувязяў, адносін з рознымі структурамі каталіцкага Касцёла ў свеце ва ўсёй яго нацыянальнай і культурнай разнастайнасці. Датычыць гэта і дапамогі, каб Беларусь магла развівацца ў накірунку гэтай адкрытасці, неабходнай для кожнай краіны. Каб магла развівацца ў вымярэнні праў чалавека; у спакойнай эканамічнай будучыні, не адмаўляючыся ад каштоўнасці сацыяльнай салідарнасці, характэрнай для гэтай краіны, якая не кінулася з галавой у рукі дзікага капіталізму; у павазе да праў чалавека, якія ўсё больш неабходны для росту грамадскай супольнасці. Каб краіна магла развівацца ў такім тэмпе і такім спосабам, які адпавядае культуры і чуласці беларускага народа, а не планам і календарам, вызначаным кімсьці па-за межамі Беларусі.
   
    - Наколькі глыбока прадстаўнік Папы можа ўдзельнічаць у грамадскім жыцці краіны, у якой нясе служэнне?
    - Я павінен сказаць, што Папскі прадстаўнік, які актыўна ўдзельнічае ў жыцці краіны, ва ўсіх момантах, вельмі добра прымаецца і з ім шмат кансультуюцца. Гэта я кажу з вялікім асабістым задавальненнем як святар адносна таго, што датычыць духоўнага аспекту, і як дыпламат адносна таго, што датычыць аспекту дыпламатычнага. Прысутнасць нунцыя ўнутры дыпламатычнага свету, як і ў адносінах са светам палітыкі, уяўляе сабой цікавы элемент, да якога многія звяртаюцца. А для гэтага цудоўнага Касцёла прысутнасць нунцыя выражаецца ў пастаяннай сувязі з народам, глыбока веруючым, глыбока блізкім да рэлігійнага светаўспрыняцця і вельмі блізкім да Папы. Такім чынам, быць прадстаўніком Папы ў гэтай краіне – вялікі прывілей. Бо глыбокая любоў да Папы, якая каштавала жыцця многім людзям у часы пераследу, у момант стварэння ўмоў большай свабоды, і цяпер жыве ў верніках ва ўсёй поўні, свежасці і ва ўсім сваім эмацыйным запале.
    Мне здаецца, гэта фундаментальныя элементы, якія я ўбачыў за два з паловай гады працы. І за гэты час я не магу сказаць нічога іншага акрамя маёй падзякі Богу і Папу. Падзякі за магчымасць перажыць кантакт з рэальнасцю, як касцёльнай, так і чалавечай, якую, на жаль, ведаюць нямногія. Яна несправядліва невядомая. Бо калі б была вядомай, магла б дазволіць не толькі беларусам адчуваць сябе больш ацэненымі, але і свету і Паўсюднаму Касцёлу атрымаць моцны, важны і спецыфічны ўклад, які б прынесла багацце, ацэненае паўсюдна.
   
    - Якія рысы Пантыфікату Святога Айца Францішка, на Ваш погляд, паўплываюць на дыпламатыю Апостальскай Сталіцы?
    - Канешне, новы Папа мае свой асаблівы стыль. Папа Францішак – гэта чалавек Евангелля, адкрытасці, дыялога, чалавек бедных, чалавек сацыяльнай справядлівасці. Гэта чалавек вельмі ўважлівы да стварэння не фальшывых, не тэатральных супольнасцей, а тых, якія адпавядаюць сапраўднай прыродзе чалавека – быць свабодным перад сабой, свабодным ад уласных страхаў і страхаў, выкліканых звонку, – каб дазволіць чалавечай асобе заквітнець ва ўсёй яе поўні паводле Божага вобразу. Натуральна, такі ж накірунак мае моцнае адлюстраванне і ў Беларусі, дзе народ чакае магчымасці перажываць увесь свой досвед веры ў поўні, свабодзе, большым спакоі. Да гэтага мы пастаянна імкнёмся, спрабуючы весці няспынны дыялог з уладамі, якія адказныя за спрыянне такому развіццю з палітычнага пункту гледжання.
   
    - Якія, на Ваш погляд, важныя падзеі адбыліся ў каталіцкім Касцёле ў Беларусі ў 2013 годзе? Як яны могуць паўплываць на далейшы духоўны рост і развіццё Касцёла?
    - Апошняй самай важнай падзеяй стала прызначэнне Святым Айцом трох новых біскупаў. Трэба было прадставіць Пантыфіку ўсе элементы для выбару. Гаворка ішла пра важнае і неабходнае рашэнне: даць Беларусі больш шырокае біскупскае прадстаўніцтва, што адпавядала б асаблівай ролі, якую каталіцкі Касцёл мае ў гэтай краіне. Каталіцкі Касцёл у Беларусі – гэта не “Касцёл прыезджых” – асоб, якія прыбылі звонку. Гэта Касцёл, які нарадзіўся тут і меў тут свае карані заўсёды. Гаворка ідзе пра дастаткова рэдкі выпадак сярод былых савецкіх краін.
    Такім чынам, прыярытэтам было даць пастыраў, якія б маглі ўмацаваць працу тых, хто дагэтуль нёс служэнне ў якасці біскупаў, і дапамагчы ім зрабіць Касцёл больш жывым, больш плённым, больш прысутным ва ўсіх яго формах пасля гадоў свабоднай дзейнасці, якія насталі за абмежаваннямі, што існавалі ў савецкую эпоху.
   
    - СМІ шмат разоў паведамлялі аб падрыхтоўцы пагаднення паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь. На якім этапе знаходзіцца праца над пагадненнем?
    - Праца над магчымым пагадненнем паміж Рэспублікай Беларусь і Апостальскай Сталіцай – гэта падзея, якая, канешне, мае вялікае значэнне. Яно датычыць норм, звязаных са штодзённым жыццём Касцёла ў Беларусі. Гаворка ідзе пра доўгі працэс, нялёгкі. І гэта звязана з існуючай розніцай канцэпцый і паняццяў у акрэсленні адносін паміж дзяржавай і Касцёлам. І да гэтага варта аднесціся з разуменнем, бо справа датычыцца дастаткова новай праблематыкі для Беларусі, улічваючы мінулае, калі, канешне, не магло мець месца пагадненне паміж каталіцкім Касцёлам і ўрадам – у часы Савецкага Саюза. Таму не трэба здзіўляцца, што заданне такога кшталту патрабуе шмат часу і пастаяннага аналізу.
   
    - Якія фактары, на Вашу думку, садзейнічаюць, а якія перашкаджаюць новай евангелізацыі ў Беларусі?
    - Для Касцёла прыярытэтам з’яўляецца абвяшчэнне Езуса Хрыста і Яго Евангелля. Беларусь – гэта зямля са старажытнай хрысціянскай традыцыяй. Таму тут не ідзе гаворка пра першую евангелізацыю, а пра тое, каб прынесці евангелізацыю туды, дзе атэістычная ідэалогія знішчыла ці намагалася знішчыць прысутнасць хрысціянскай веры, выстаўляючы яе як недарэчнасць. Гэты працэс нялёгкі, таму што тут было не проста “забыццё” аб хрысціянстве, але актыўная і сістэматычная палітыка адчужэння рэлігіі, непрыняцця цноты, каштоўнасці, значэння рэлігіі. Прапаганда гэтага кшталту заклала карані ў частцы насельніцтва краіны, якая часткова не ведае рэлігіі, і таму, калі цікавіцца, то задае пытанні менавіта з нуля. Такім чынам, спрыянне працэсу знаёмства з хрысціянствам – у нашым выпадку з каталіцкай традыцыяй, а ў выпадку праваслаўных, натуральна, з праваслаўнай традыцыяй – патрабуе доўгай працы. Менавіта ў святле гэтай евангелізацыі Папа вырашыў умацаваць прысутнасць біскупаў, павялічыўшы іх колькасць і дадаўшы больш маладых асоб, якія, канешне, могуць узяць на сябе гэты складаны абавязак.
   
    - Як Вы ацэньваеце сітуацыю з духавенствам у Беларусі?
    - З вялікім задавальненнем можна канстатаваць, што Беларусь, якая ў перыяд пасля падзення камунізму і Савецкага Саюза мела велізарную патрэбу ў святарах з замежжа, сёння знаходзіцца ў іншай сітуацыі. Нягледзячы на патрэбу ў дапамозе звонку, – таму што тут шмат вернікаў – працягвае ўзрастаць колькасць беларускіх святароў. Гэта нас вельмі задавальняе. Задавальняе біскупаў, Апостальскую Сталіцу, таму што кожны народ мае права мець святароў уласнай культуры, мовы, светаўспрыняцця.
    Мы будзем рабіць усё, каб выхаванне святароў магло адпавядаць гэтым патрабаванням, каб кандыдаты да святарства – семінарысты – маглі мець глыбокае выхаванне, укаранёнае, не павярхоўнае. І над гэтым мы шмат працуем, нават праз некаторыя вельмі амбіцыёзныя праекты, якімі я падзяліўcя з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.
    Гэта дазволіць мець беларускае каталіцкае духавенства, выхаванае і падрыхтаванае ў культуры ўласнай і агульнай. Таму што, калі мы хочам мець Касцёл, які не будзе ізаляваны і заключаны ў гета, мы патрабуем глыбокага знаёмства з уласнай беларускай ідэнтычнасцю, а таксама знаёмства агульнага і шырокага – з культурай, якой яна разумеецца ў заходнім свеце, у Еўропе, а таксама ва ўсходнім свеце, рускім, калі можна назваць гэтыя часткі Усходам і Захадам. Розныя культуры ўнеслі свой багаты ўклад у спецыфічную гісторыю гэтай краіны. Такім чынам, гаворка ідзе пра асоб, здольных быць сапраўднымі каталіцкімі святарамі – суразмоўцамі з паўсюднай, а не толькі мясцовай культурай.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  245

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.