ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Дні, напоўненыя верай і радасцю

З жыцця Касцёла

XX дыяцэзіяльныя дні моладзі ў ваўкавыску
У чым феномен Дзён моладзі ў нашай дыяцэзіі? Чаму больш за 1000 чалавек ужо на працягу некалькіх гадоў прыязджаюць на сустрэчу моладзі Гродзенскай дыяцэзіі? З кім сустрэліся маладыя людзі ў Ваўкавыску?
Сёлета гэта была юбі­лейная сустрэча, та­му што ў 20-ты раз моладзь нашай дыяцэзіі сабралася разам. Сустрэчы маладых бяруць свой пачатак у 1993 годзе, калі кс. бп Аляксандр Кашкевіч, па прыкладзе Святога Айца Яна Паўла II, пастанавіў прысвяціць асаблівую ўвагу ў дыяцэзіі выхаванню маладых людзей. З таго часу ў розных кутках нашай дыяцэзіі моладзь збіраецца разам. Дыяцэзіяльныя дні моладзі з года ў год вандруюць па розны гарадах і мястэчках нашай вобласці. Ужо ў другі раз сустрэча маладых адбылася ў Ваўкавыску, моладзевай сталіцы нашай дыяцэзіі. Па традыцыі, Дыяцэзіяльныя дні моладзі распачынаюцца малітвай і перапоўнены радасцю і юнацкім энтузіязмам вызнаваемай веры.
    Малады подых Касцёла на Гродзеншчыне можна было адчуць 10 – 12 мая ў парафіі св. Станіслава Косткі ў Ваўкавыску. “Вельмі радуецца маё сэрца, калі я бачу Вас тут, у гэтай святыні”, – такімі словамі прывітаў усіх прысутных кс. Алег Дуль, пробашч парафіі-гаспадыні Дыяцэзіяльных дзён моладзі гэтага года. І пачалося...

   I дзень, 10 мая
    Супольнай малітвай распачаліся XX па ліку Дыяцэзіяльныя дні моладзі. Каля 1200 маладых людзей перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам праз гімн да Святога Духа скіравалі да Бога просьбы, каб плённа для сябе перажыць гэты святы час.
    Пасля маёвага набажэнства галоўны арганізатар, кс. Антоні Грэмза, прывітаў моладзь, якая прысвяціла свой час, каб прыехаць у гэтае месца і супольна перажыць радасць сваёй веры. Таксама кс. Антоні, прывітаў моладзь з Магілёва і з далёкай Нігерыі. Св. Імшу ўзначаліў пробашч парафіі кс. Алег Дуль, а гамілію прамовіў кс. Антоні, які падкрэсліў прысутным: “Мы сабраліся тут, каб адчуць сябе адзінай Божай сям’ёй. «Ідзіце і навучайце ўсе народы», – гэта дэвіз Сусветных дзён моладзі, якія маюць адбыцца на ўзроўні Паўсюднага Касцёла, часткай якога мы з’яўляемся”.
    У праграме першага дня сустрэчы мела месца канферэнцыя, якую прамовіў пробашч парафіі ў Геранёнах кс. Сяргей Ангур TChr. На аснове ўрыўкаў з Евангелля святар пастараўся паказаць моладзі каштоўнасць веры і заахвоціў, каб у кожным маладым сэрцы нарадзілася “гэтае прагненне – хачу ўбачыць Езуса”.
    Словы Пантыфіка: “Ніколі не будзьце сумнымі!” паспрыялі таму, што маладыя ўдзельнікі сустрэчы правялі канец яе першага дня ў атмасферы музыкі і танцаў, чаму дапамог гурт “MAJ” з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы.
   
    II дзень, 11 мая
    Пачатак дня быў традыцыйным. Пасля супольнай малітвы ў касцёле адбылася катэхеза. Моладзь у шасці тэматычных групах разважала пра галоўныя праўды веры. Вынікі гэтых разважанняў былі пазней прадстаўлены ў форме прэзентацый.
    У гэты дзень у Ваўкавыск завіталі пастыры Касцёла ў Беларусі. На сустрэчу моладзі прыбыў Апостальскі нунцый у Беларусі кс. абп Клаўдыа Гуджэроці. Арцыбіскупа сардэчна прывіталі кс. бп Аляксандр Кашкевіч, пробашч парафіі і моладзь. Кульмінацыяй дня была Эўхарыстыя, якую ўзначаліў кс. абп Клаўдыа Гуджэроці разам з кс. б-пам Аляксандрам Кашкевічам, ардынарыем Гродзенскай дыяцэзіі. Моладзь асабліва ўразілі словы прадстаўніка Святога Пасаду аб тым, што “...сэрца кожнага чалавека з’яўляецца найпрыгажэйшым храмам самога Бога”, пры гэтым ксёндз арцыбіскуп нагадаў, што “...чалавек ніколі не будзе адчуваць сябе самотным, калі побач знаходзіцца любячы Айцец”. Прамова прадстаўніка Святога Айца некалькі разоў перарывалася апладысментамі моладзі, якая з захапленнем слухала кожнае слова архіпастыра.
    У другой палове дня прадстаўнік Святога Айца, а таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч адказалі на пытанні ўдзельнікаў сустрэчы. Падчас дыялогу архіпастыраў з маладымі, гучалі даволі складаныя пытанні, на якія былі атрыманы шчырыя і простыя адказы.
    Кажучы, кім для яго як хрысціяніна з’яўляецца Езус Хрыстус, Апостальскі нунцый адзначыў: “Езус – гэта паветра, якім я дыхаю. Мы з Ім знаёмы ўжо шмат часу, і нам немагчыма жыць адзін без аднаго... Для мяне Езус – частка мяне, і я – частка Яго”. Біскуп Кашкевіч, адказваючы на пытанне, як умацаваць сваю веру, заўважыў, што веру “мы павінны заўсёды паглыбляць”. “На маю думку, сэнс жыцця – гэта любоў”, – адказаў абп Клаўдыа Гуджэроці на пытанне пра тое, што для яго з’яўляецца сэнсам жыцця. Акрамя гэтага, моладзь цікавілася, як распазнаць сваё пакліканне, як перамагчы страх вызнаваць перад Хрыстом свае грахі.
    Таксама ў гэты дзень адбылася прэзентацыя моладзевых груп на тэму “Ведаем, каму паверылі”. Так, напрыклад, моладзь са Смаргоні прадставіла жыццё сваёй парафіі ў малюнках, а гродзенская катэдральная парафія падзялілася сваім сведчаннем веры. Падчас місійнага набажэнства маладыя хрысціяне даверыліся Богу і вызналі сваю веру і прыналежнасць да Касцёла. Сястра Рэната Грэгарчук, якая зараз працуе ў Афрыцы, падзялілася ўражаннямі ад свайго прабывання на місіях. Кожны з удзельнікаў атрымаў місійны крыжык, які разам з бласлаўленнем уручылі святары.
    Цэнтральным пунктам другой паловы дня была адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту і святая споведзь. Другі дзень завяршыўся канцэртам моладзевага гурта “Міласць” з лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа.
    Чарговы дзень сустрэчы моладзі ў Ваўкавыску прынёс новыя эмоцыі і ўражанні, якія перапаўнялі маладыя сэрцы. Другі дзень цалкам быў прысвечаны роздуму на тэму крыжа, сімвала адкуплення чалавецтва.
   
    III дзень, 12 мая
    У апошні дзень моладзь сустрэлася ў святыні на супольнай ранішняй малітве. Урачыстую св. Імшу на заканчэнне Дзён моладзі ўзначаліў рэктар ВДС у Гродне кс. прэл. Юзаф Станеўскі. У гаміліі ксёндз прэлат заахвоціў маладых быць апосталамі Хрыста і ўсюды даваць сведчанне аб Ім. “Сёння несці Хрыста нялёгка, бо свет жыве сваімі марамі, але ён прагне Хрыста. Можа, не столькі Вашымі словамі, бо Вас, магчыма, ніхто не будзе слухаць, але ў першую чаргу, прыкладам свайго жыцця трэба гаварыць пра Хрыста”, – адзначыў казнадзей. Ксёндз прэлат параўнаў цяжкасць пілігрымкі маладых людзей у веры да альпініста, які, пераадольваючы розныя цяжкасці, уздымаецца на вяршыню. Для маладога чалавека вяршыняй з’яўляецца сам Хрыстос.
    Падарункам на заканчэнне XX Дыяцэзіяльных дзён моладзі быў канцэрт семінарыйнага гурта “AVE”. З малітвай і прыгожым спевам, з радасцю і крыжам кожны ўдзельнік гэтых моладзевых дзён вяртаўся ў свае парафіі, да сваіх блізкіх, каб ужо там дзяліцца ўспамінамі і перажываннямі, дзяліцца жывым Богам.
   
    Заканчэнне
    гэтыя дні ўжо ўвайшлі ў гіс­торыю, засталіся як прыемны ўспамін. Хтосьці набыў кашульку, зрабіў новыя здымкі, атрымаў, можа, трохі сонца на твар, пазнаёміўся з новым касцёлам і горадам, перажыў чарговыя ўражанні, але не выклікае сумненняў тое, што ўсе маладыя ўдзельнікі разышліся ў духу малітвы і радасці “на цэлы свет”, каб абвяшчаць Евангелле. Чарговыя Дні моладзі адбудуцца праз год. Маладыя людзі ўжо з вялікім нецярпеннем чакаюць іх.
   

Матэрыял сабраны пры дапамозе Сatholic.by i grodnensis.by

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.