ГРОДНА
Субота,
27 красавіка
2024 года
 

Нястанішкі

Парафіі і святыні

Дэканат Смаргонь
Касцёл тут быў заснаваны па фундацыі Богдана Анджэёвіча з Паніжанаў у 1497 г. і першапачаткова быў асвечаны пад тытулам Найсвяцейшай Тройцы, Найсвяцейшай Панны Марыі, св. Міхала і св. Барталамея Апостала. Першым плябанам тагачасны віленскі біскуп Войцех Табор зацвердзіў кс. Паўла з Познаньскай дыяцэзіі (сёння Польшча).
    У XVI ст. падчас пашырэння кальвінскага веравызнання фундушовая маёмасць касцёла была адабрана рэфарматарамі, занядбаная святыня стаяла ў зруйнаваным стане. Толькі ў 1609 г. свірскі плябан кс. Войцех Кульчынскі аднавіў тут каталіцкае жыццё, а адбудаваны ў 1616 г. касцёл залічыў як філіяльны да свірскай парафіі.
Пашкоджаны падчас “нашэсця Масквы” касцёл адбудавалі ў 1668 г. А ў 1746 г. тагачасны пробашч кс. Павел Едліньскі пабудаваў новы драўляны касцёл, і з таго часу Нястанішкі зноў сталі самастойнай парафіяй. У 1760 г. Максіміліян і Анастасія Розэнфельды зафундавалі пры бакавым алтары Божай Апекі аднайменную альтарыю. У 1797 г. кс. Пётр-Антоні Курчэўскі, канонік інфлянцкі, значна рэканструяваў касцёл. Будынак быў павялічаны, інтэр’ер упрыгожвалі 5 алтароў. У гэты час касцёл захаваў толькі тытул Найсвяцейшай Тройцы. Гэта была дзвюхвежавая святыня з рысамі барока і неарамантызму. Вертыкальна ашаляваны галоўны фасад увенчвалі 2 чацверыковыя вежы-званіцы пад фігурнымі трох’яруснымі купаламі. Верагодна, касцёл аднаўлялі ў ХIХ ст., калі касцёльны ўчастак быў абнесены бутавай агароджай з трохпралётнай уваходнай брамай з чырвонай цэглы. Пры касцёле дзейнічала Брацтва 5 ран Збаўцы, заснаванае ў 1740 г. Янам Хелхоўскім, а таксама шпіталь і парафіяльная школка.
    Нарэшце, 10 ліпеня 1905 г. тагачасны пробашч кс. Казімір Цежык (1904-1911 гг.) асвяціў фундамент новага мураванага касцёла, які быў закладзены ў 100 сажанях ад старога драўлянага касцёла, пры парафіяльных могілках. У 1911 г. будаўніцтва, якое вялося на сродкі парафіян, было скончана, і 10 ліпеня 1912 г. кс. Казімір Валюнас, свірскі дзекан, асвяціў касцёл пад новым тытулам – Найсвяцейшай Панны Марыі Добрай Рады. Кансэкраваў новы касцёл у 1928 г. віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі. Так з’явілася велічная неагатычная святыня з вонкавай чырвонай цэглы, дзвюхвежавая з трансэптам і пяціграннай апсідай, якую фланкуюць 2 сакрыстыі. Касцёл быў накрыты адзіным двухсхільным бляшаным дахам (у 2003 г. заменены на метала-чарапіцу) з вальмамі над апсідай і двухсхільнымі дахамі над крыламі трансепта. Галоўны фасад фланкуюць высокія і магутныя чатырох’ярусныя чацверыковыя вежы-званіцы, завершаныя спічакамі з падрэзанымі вугламі. Інтэр’ер, падзелены васьмю калонамі на 3 навы і перакрыты стрэльчатымі і крыжовымі скляпеннямі, упрыгожваюць 3 драўляныя алтары: галоўны алтар Найсвяцейшай Панны Марыі Добрай Рады (выдатны прыклад стылю неаготыкі – двух’ярусны, у цэнтры патранальны абраз, акружаны фігурамі свв. апосталаў Пятра і Паўла, наверсе – фігура Езуса Міласэрнага, завяршаюць кампазіцыю шматлікія пінаклі і фіялы рознай велічыні), левы бакавы св. Юрыя і правы св. Ізідара – апекуна земляробаў. Апошні алтар асабліва цікавы. Ён упрыгожаны атрыбутамі сялянскай працы: малацілкамі, косамі, граблямі і г.д, снапамі пшаніцы і нават разьбянымі галовамі кароў. Алтар св. Ізідара фундавны Мацільдай Бучыньскай, абраз намаляваны віленскім мастаком Карчэўскім. У алтары змешчаны і рэліквіі святога, прывезеныя з Мадрыда 10 ліпеня 1905 г. Бакавыя дзвюхкалонныя двух’ярусныя алтары выкананы ў стылі г.зв. “станіславаўскага класіцызму”, але яны не аднолькавыя і, магчыма, перанесеныя з былога касцёла. Над уваходам зроблены хоры з арганам. У маі 2004 г. з Рыма ў касцёл дастаўлены абраз і рэліквіі бл. Аўгуста Чартарыйскага.
    У 1864-1919 гг., калі быў зачынены касцёл у Вішневе, да нястанішскай парафіі далучалася капліца ў Выгалянентах (цяпер зноў у вішнеўскай парафіі), да пачатку ХХ ст. далучалася і капліца ў Дабраўлянах (сёння ў свірскай парафіі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі). Перад Другой сусветнай вайной колькасць парафіян дасягала амаль 4000 чалавек. Нястанішская парафія да 1991 г. уваходзіла ў склад Свірскага дэканата.
    Касцёл дзейнічае і сёння, з 1970-х гг. мае статус помніка архітэктуры. Касцёльная тэрыторыя абнесена высокім бутавым мурам, галоўны ўваход пазначаны брамай у выглядзе чатырох грувасткіх цагляных слупоў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.