ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Х Фестываль каляднай песні ў Іўі

З жыцця Касцёла

Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч і кс. Ян Гавецкі з удзельнікамі фестывалюGloria in Excelsis Deo” – гэтае анёльскае прывітанне ўжо ў 10-ы раз прыгожым спевам гучала на Фестывалі каляднай песні, які адбыўся 27 студзеня ў іўеўскім Доме культуры. На фестывалі прысутнічаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Кожны год фестываль карыстаецца вялікай папулярнасцю і выяўляе майстэрства ўдзельнікаў. Сёлета свята ў Іўі распачалося літургіяй у касцёле святых апосталаў Пятра і Паўла, якую ўзначаліў духоўны айцец Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне кс. Валерый Быкоўскі. Імшу ўпрыгожыў спевам хор з мінскага Чырвонага касцёла.
На фестываль пры­­былі гледачы з Іўя і з усяго наваколля. Таксама на свяце прысутнічаў консул Рэспублікі Польшча ў Гродне спадар Андрэй Хадкевіч.
Арганізатар фестывалю кс. Ян Гавецкі распавёў, што ідэя яго заснавання нарадзілася выпадкова, але сустрэла вялікую зацікаўленасць і ўвагу з боку не толькі католікаў, але і прадстаўнікоў іншых веравызнанняў. На працягу стагоддзяў Іўе славіцца добрымі адносінамі паміж хрысціянамі, іудзеямі і мусульманамі. Пацвярджэнне гэтай еднасці і згоды – помнік у гонар сяброўства і адзінства канфесій Іўеўшчыны, адкрыты 16 чэрвеня 2012 г. у цэнтры Іўя. Кс. Ян Гавецкі дадаў, што праз фестываль усе вучацца спяваць калядныя песні, тым самым захоўваючы атмасферу свята Божага Нараджэння на доўгі час.
    Да гасцей фестывалю звярнуўся Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Іераpх падзякаваў іўеўскай парафіі, асабліва пробашчу кс. Яну Гавецкаму, і мясцовым дзяржаўным уладам за арганізацыю фестывалю. Праўда Богаўцелаўлення, як адзначыў арцыпастар, абвяшчаецца не толькі словам, але і праз культуру і мастацтва, і менавіта іх неабходна больш актыўна выкарыстоўваць у абвяшчэнні Евангелля. Аб неабходнасці абвяшчаць Евангелле праз культуру і мастацтва гаварылася і падчас мінулагодняга Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі. Таму, дадаў Мітрапаліт, Фестываль каляднай песні ў Іўі арганічна ўпісваецца ў праграму жыцця і дзейнасці Касцёла на сучасным этапе яго развіцця. Іерарх павіншаваў пераможцаў і ўсіх удзельнікаў фестывалю і пажадаў ім поспеху ў будучым.
    Фестываль у Іўі кожны год збірае вельмі шмат удзельнікаў. Выступленні ацэньвае журы, якое напрыканцы ўручае ўзнагароды. Кожная група, парафія, хор і супольнасць жадаюць як найлепш прадставіць сваё майстэрства, а арыгінальнасць у выкананні надае навізну нават вядомым песням. Ансамбль “Пасланнікі анёлаў” з парафіі Перамянення Пана ў Юрацішках умела злучыў спеў з танцам паланэза. “Езусавы ноткі” з Геранёнаў парадавалі інструментальным выкананнем. А ўзнагароду гран-пры атрымаў ансамбль “Оremus” з іўеўскай парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла.
    “Выходзячы на сцэну, адчуваю страх, але падчас выступлення гляджу на зал, каб убачыць усмешкі людзей, – прызнаўся Аляксандр Панасевіч з парафіі ў Геранёнах. – І калі ўбачу радасць у вачах гледачоў, – напэўна, супакоюся”. Вялікай радасцю стала для хлопца пачуць, што ён заняў першае месца ў катэгорыі салістаў старэйшай групы.
    Ансамбль “Золак” з іўеўскай парафіі выканаў калядкі з пажаданнямі, адрасаванымі ўсім людзям. “У гэтым спеве мы пажадалі людзям моцнай веры, – адзначыла Маргарыта Захар з ансамбля. – Асабліва зараз, у гэты Год веры, хацелася б, каб усе, хто згубіў Бога, нанава знайшлі шлях да Яго”. “Вера для мяне – гэта спеў калядак, бо праз гэта я набліжаюся да Бога і дапамагаю іншым Яго адкрыць”, – дадала ўдзельніца.
    Ігнацій Пішчык з Іўя, які адзначыўся вельмі ары­гінальным сольным выкананнем, прызнаўся, што “жадаў адчуць сябе на сцэне сапраўднай зоркай”. Пра падобнае марыць і Анастасія Лашакоўская, якая спадзяецца “з маленькай сцэны раённага Дома культуры выйсці на вялікую сцэну, дзе будуць тысячы гледачоў”.
    Спеў і ўдзел у фестывалі прыносіць артыстам радасць – у гэтым упэўнена Вераніка Захар, па словах якой, “голас – талент і дар ад Бога”, а калядныя песні “напоўнены чымсьці таямнічым, у іх жыве цеплыня, любоў і мір”.
    Усе ўдзельнікі выступлення атрымалі ўзнагароды. Са шкадаваннем прысутныя развітваліся з юбілейным дзясятым фестывалем. Час выканання каляднай песні кароткі, але яшчэ доўга пасля гэтага песня можа гучаць у нашых сэрцах.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.