ГРОДНА
Субота,
27 красавіка
2024 года
 

Чаму мы верым?

Слова рэдактара

Евангелічны спосаб мыслення і выказвання з’яўляецца спробай аднаўлення духоўнасці чалавека, знаходжання таго асабістага шляху да Бога. Мы можам зрабіць гэта падчас нашага зямнога жыцця.

   Бог ёсць, і я хачу ў Яго верыць, але ці дакладна я ведаю, што значыць верыць у Бога? Гаворачы аб веры, трэба памятаць, што гэта Божы дар. У сённяшнім нумары “Слова” мы знаходзім інтэрв’ю з кс. аб-пам Тадэвушам Кандрусевічам, які, адказваючы на пытанне “Чаму Вы верыце?”, узгадвае сваю сям’ю, паходжанне, а таксама той дар веры, які ён атрымаў на хросце і які ў ім выхоўвалі бацькі і святары. Падсумоўваючы свой аповед, Мітрапаліт сцвярджае, што верыць, каб быць шчаслівым.
    Гэтым прызнаннем арцы­біскупа я падзяліўся з вернікамі падчас гаміліі. Пасля св. Імшы адна верніца падзякавала мне за гэты прыклад і дадала: “Ксёндз, я ўжо ведаю, чаму я веру – каб быць шчаслівай”. Давайце яшчэ раз задумаемся над гэтым пытаннем, якое, магчыма, гучыць звычайна і проста. Аднак, адказ на яго знайсці нялёгка. Трэба доўга разважаць, прыгадваючы тысячы момантаў свайго жыцця, заглядваючы ў самыя далёкія закуткі сэрца.
І менавіта там мы можам знайсці адказ, які, у першую чаргу, напісаны гісторыяй нашага жыцця, тым, чым мы жывём, як жывём, што мы робім у гэтым жыцці. Нельга ігнараваць такога тыпу пытанні, адказваючы: веру, бо веру. Яны паказваюць усё жыццё чалавека, сутнасць гэтага жыцця. Бо чалавек, які гаворыць, што жыве, бо жыве, на самой справе згубіў сэнс гэтага жыцця і ўжо не ведае, навошта жыве. У духоўным жыцці я не магу верыць па той прычыне, што ўсе вераць, альбо для чарговай прыгоды, а штодзённа адказваючы на дар веры, мы разумеем, чаму мы з’яўляемся хрысціянамі. Сёння вера мае асаблівы сэнс. Ні развіццё тэхнікі, ні грамадскія навукі не могуць заспакоіць патрэбы чалавека. Вера, якая робіць чалавека шчаслівым, надае яго жыццю сэнс. Чым больш я буду зацікаўлены ў гэтым дары, тым больш буду атрымліваць яго, менавіта таму ўсё часцей ксёндз з амбона гаворыць людзям, што не дастаткова быць веруючым толькі на вялікія святы. Чалавек поўнасцю становіцца чалавекам, калі верыць. Так, як Касцёл, які з’яўляецца сапраўдным тады, калі ён евангелічны, кожны з нас, знаходзячыся ў Касцёле, таксама становіцца евангелічным, г.зн. сапраўдным.
    У кожным з нас іншыя павінны ўбачыць Евангелле. Што гэта значыць? Калі трэба папрасіць прабачэння, мы павінны зрабіць гэта не сем разоў, а семдзесят сем. Калі камусьці неабходна наша дапамога, мы, па прыкладзе самарыцяніна, павінны працягнуць руку дапамогі, а трываючы побач з Езусам, па прыкладзе Апосталаў, мы можам штодзённа даваць сведчанне сваёй веры. Менавіта тады мы становімся жывым Евангеллем, а значыць, мы разумеем, чаму верым. Наша дарога да Бога, да сапраўднай веры іншая. Евангелічны спосаб мыслення і выказвання з’яўляецца спробай аднаўлення духоўнасці чалавека, знаходжання таго асабістага шляху да Бога. Мы можам зрабіць гэта падчас нашага зямнога жыцця. Гэта значыць, жыць так, каб наш духоўны фундамент быў моцны і трывалы, а тады на пытанне, чаму мы верым, мы адкажам сваім шчаслівым жыццём.
    Ці можна заўсёды быць шчаслівым? З Богам – так. А пацвярджэннем гэтага няхай будуць словы св. Уршулі Ледухоўскай: “Мы ўсе згодны з тым, што нам патрэбна шчасце: нам патрэбна шчасце для здароўя не толькі цела, але і душы, нам патрэбна шчасце, каб рабіць дабро іншым, патрэбна нам шчасце, каб быць каля Бога, бо Бог – гэта само шчасце, а чым бліжэй да Яго мы прагнем быць, тым больш гэтага Божага шчасця мы павінны мець у душы”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.