ГРОДНА
Субота,
27 красавіка
2024 года
 

Вострая Брама – наша брама да Неба

Лісты чытачоў

Ужо не першая пілігрымка за плячыма медыкаў з Душпастарства службы здароўя. Мы пераадольвалі розныя адлегласці, каб наведаць святыя месцы. Але гэтая пілігрымка ў Вострую Браму была асаблівай.
Па-першае, гэта першая пілігрымка з нашым новым душпастарам кс. Мікалаем Ціхановічам. Па-другое, яна адбылася ў Год веры. Па-трэцяе, кожная пілігрымка надзвычайная сама па сабе, як кожная новая сустрэча з Маці Божай. Гэта кожны раз новыя пачуцці, новыя перажыванні, новыя разважанні. Большасць з нас ужо не адзін раз наведвала санктуарый Маці Божай Міласэрнасці, але былі і тыя, для каго гэта была першая сустрэча з Марыяй ў Вострай Браме.
Вільнюс сустрэў нас ціхім снежным надвор’ем. Пачуццё незвычайнай радасці, унутранага ажыўлення, глыбокай павагі ахоплівала кожнага, гледзячы на цудоўны абраз праз вялікія вокны капліцы. Немагчыма ўявіць колькасць людзей, простых і знакамітых, багатых і бедных, святароў і свецкіх, якія на працягу больш чым трохсот гадоў маліліся на вуліцы перад капліцай Маці Божай Вастрабрамскай і станавіліся роўнымі ў сваёй любові да Бога і Яго Маці. Але ў той дзень вуліца была незвычайна ціхая і малалюдная. Мы былі адзін на адзін з Марыяй, як быццам Яна чакала ў гэты дзень толькі нас. Прывітанне “Вітай Марыя, Маці Міласэрнасці!” вырывалася з кожнага сэрца.
    Падняўшыся ў капліцу, стоячы на каленях, мы ў цішыні склалі каля ног Марыі свае просьбы, турботы, слабасці і падзякі. Кожны адчуваў, што Марыя вельмі блізка і чуе нас. Шматлікія воты на сценах капліцы сведчылi аб вялiкай колькасцi цудаў, аздараўленняў, навяртанняў і духоўных аднаўленняў, якiя тут адбылiся за стагоддзі. Кс. Мікалай цэлебраваў св. Імшу. Мы маліліся ў інтэнцыі кс. біскупа Аляксандра Кашкевіча, нашага душпастара кс. Мікалая, у інтэнцыі Душпастарства службы здароўя і ў асабістых інтэнцыях. Кс. Мікалай падзяліўся тым, што 11 год таму ў гэтым святым месцы ён цэлебраваў прыміцыйную св. Імшу і дзякаваў Марыі за дар святарства. Падчас гаміліі кожны з нас зазірнуў у глыбіню сваёй душы, задумаўся аб сваім жыцці, каштоўнасцях, аб сваёй веры. Ці жывая яна? Знаходзячыся у Вострай Браме, браме, якая вядзе нас да Бога, кожны даверыў Марыі сваё жыццё, сваіх родных і блізкіх людзей.
    Экскурсія па Віль­нюсе, якой завяршылася пілігрымка, яшчэ больш падняла наш настрой. Наведванне царквы Святога Духа, касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла, катэдральнага сабора і малітва ў капліцы Езуса Міласэрнага ўзбагацілі нас духоўна. Заснежаныя вуліцы, па-святочнаму аздобленыя вітрыны крам, прыгожая елка на Катэдральнай плошчы нагадвалі аб надыходзячым Божым Нараджэнні, сустрэчы з Езусам Хрыстом, для Якога мы рыхтуем свае сэрцы.
    Стомленыя і адначасова напоўненыя шчодрымі ласкамі ад Маці Божай, мы вярталіся дадому, будуючы планы на бліжэйшыя душпастарскія сустрэчы і пілігрымкі. Мы дзякуем нашаму душпастару кс. Мікалаю Ціхановічу за арганізаваную пілігрымку, супольную малітву і духоўную падтрымку. Запрашаем усіх медыкаў г. Гродна далучыцца да Душпастарства службы здароўя і нагадваем, што сустрэчы праходзяць кожную трэцюю нядзелю месяца ў 16.30 у пабрыгідскім касцёле.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  249

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.