ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Пятніца, 16 лістапада 2018 года
«Малітва за памерлых
– найлепшая духоўная дапамога,
якую можам даць іх душам»
/ Папа Францішак /

Да пытання пра каталіцкае выхаванне

З жыцця Касцёла

Пабраўшы свае заплечнікі, дзеці і моладзь 16 верасня ў чарговы раз вырушылі з францішканскага касцёла ў пілігрымку да Маці Божай, Цярпліва Слухаючай, у Капцёўку. Некаторыя заплечнікі выглядалі настолькі цяжкімі, што падавалася, туды быў укладзены ўвесь камплект школьных кніг. А. Юзаф Макарчык у казанні падчас св. Імшы ў санктуарыі ў Капцёўцы параўнаў дзіцячыя заплечнікі з крыжом. Заплечнік увасабляе сабой увесь працэс школьнага навучання – часам цяжкага і пакутнага, але без яго не вырасце і не складзецца дарослая асоба...
Дзяцей у пілігрымцы было надзвычай шмат – з бацькамі, бабулямі ці дзядулямі, групкамі і парамі. Такая цікавасць дзяцей і моладзі да духоўных падарожжаў не можа не цешыць. Аднак, некалькі падгледжаных у пілігрымцы момантаў прымусілі мяне задумацца на тэму каталіцкага выхавання і навучання. Ці можа сучасная сям’я самастойна выхаваць дзіця ў хрысціянскім рэчышчы? Ці дастаткова сёння рэлігійнага навучання ў межах катэхез пры парафіях?..
На чале пілігрымкі, як звычайна, ідзе вернік з крыжам, а за ім нясуць выявы Маці Божай і Езуса Міласэрнага. Вернікі па чарзе могуць падыходзіць і змяняць тых, хто нясе крыж і выявы. Так, да жанчыны з крыжам падышлі дзве дзяўчыны старэйшага школьнага ўзросту, каб паднесці кавалак дарогі крыж. Жанчыны ззаду зрабілі заўвагу, што толькі адна з іх мусіць застацца несці крыж, а другая павінна троху адысці. І, каб дзяўчыну не пакрыўдзіць, адна з парафіянак прапанавала паднесці “харугву”. На што дзяўчына троху незадаволена адказала:
    – Не хачу, мне проста хацелася прайсціся побач з сяброўкай і пагутарыць.
    Жанчыны не знайшлі, што адказаць на такое шчырае тлумачэнне.
    Іншы выпадак я назірала ўжо ў Капцёўцы. Перад самым пачаткам св. Імшы каля парэнчаў на пляцоўцы перад касцёлам бачу, як некалькі хлопчыкаў раскрываюць пакунак з семечкамі, і частка, канешне, рассыпаецца вакол. Я кажу, што нядобра перад касцёлам на пачатку св. Імшы есці семкі. Хлопцы самым непасрэдным тонам адказваюць:
    – А мы ўжо адсюль сыходзім.
    Цяжка сказаць, чым з’яўляюцца гэтыя выпадкі – трывожнымі сігналамі задумацца пра агульную культуру паводзін нашых дзяцей у Касцёле або ўсяго толькі няёмкімі выключэннямі. Бо сярод шматлікіх пілігрымаў былі бацькі, якіх самі дзеці пацягнулі да Маці Божай Яснагурскай.
    Але падаецца, пытанне выхавання і адукацыі ў каталіцкім рэчышчы робіцца ўсё больш вострым, хоць гэтыя трывожныя званочкі могуць здавацца амаль нячутнымі.
    Каб дзіця расло асобай з годнай хрысціянскай паставай, выхаванне павінна адбывацца ў некалькіх кірунках, або з розных бакоў. На фарміраванне маладой асобы вялікі ўплыў мае сям’я, школа, асяроддзе, ці грамадства, Касцёл, СМІ – практычна ўсё, з чым сутыкаецца малады чалавек. Калі гэтыя элементы, або, прынамсі, самыя важныя з іх, гарманічна дапаўняюць адзін аднаго, то і чалавек у такіх умовах вырасце гарманічнай усебакова развітай асобай з выразнай сістэмай каштоўнасцей. Фундамент у выхаванні перадусім закладае сям’я. Пра гэта ледзь ці не на кожнай літургіі ўзгадвае кожны ксёндз. Гэта значыць, што калі бацькі не становяцца на калені для вячэрняй малітвы, то і прымусіць гэта рабіць дзіця будзе задачай складанай. Яно, можа, і будзе маліцца “з-пад палкі”, але як толькі вырвецца з бацькоўскай апекі, то і пакіне вячэрнія малітвы ў бацькоўскай хаце. Адпаведна, наш хрысціянскі лад жыцця – не фармальны, а шчыры, праўдзівы – дзіця таксама будзе ўбіраць і пераносіць на свае паводзіны.
    Другая прыступка – адукацыя. Ці можа сёння вашае дзіця ў звычайнай сярэдняй школе спакойна памаліцца перад ежай і не застацца высмеяным аднакласнікамі? А хаця б зрабіць знак крыжа? І ці не будзе яно баяцца адкрыта выказваць свае хрысціянскія погляды, вызнаваць сваю веру сярод іншых дзяцей? І не таму, што будзе адчуваць уціск, а таму, што ў нашым свецкім грамадстве так і не склалася, падобна, культура верацярпімасці і павагі да розных поглядаў і перакананняў.
    Адпаведна, гэты прабел рэлігійнай адукацыі павінны запоўніць катэхезы пры парафіях. Там на рэлігійных занятках сёстры і катэхеткі займаюцца рэлігійнай асветай дзяцей самага рознага школьнага ўзросту. Аднак, масавы характар дзіцячай катэхезы мае хутчэй падрыхтоўка да Першай Камуніі. Надалей, на жаль, нашыя бацькі водзяць дзяцей на катэхезу ўжо не так шырока. Але ж і тыя бацькі, якія аддаюць дзяцей на катэхезу, кажуць, што гэтага ўсё-такі недастаткова. У выніку маем пэўны прабел у тым, каб закладзеныя сям’ёй хрысціянскія каталіцкія каштоўнасці ў дзіцяці замацоўваліся і развіваліся праз наступную, больш глыбокую адукацыю.
    Два гады назад кардынал Зянон Грахалеўскі, прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі, прыбываў з візітам у Гродне. Сярод рознага ён адзначаў, што быў бы вельмі рады, каб у Беларусі паўсталі каталіцкія ці праваслаўныя школы – гэта было б прызнанне праў грамадзян выхоўваць дзяцей паводле ўласных перакананняў. Сёння ў многіх краінах Еўропы, ды ўвогуле свету, існуюць каталіцкія школы, якія карыстаюцца папулярнасцю і сярод вернікаў іншых канфесій, і нават сярод людзей нерэлігійных. Таму што тая адукацыя, якую дае каталіцкая навучальная ўстанова, лічыцца якаснай і прэстыжнай.
    Для нашых зямель ідэя каталіцкага выхавання і навучання ў межах агульнай адукацыі не новая. Усе з гісторыі памятаюць пра Гродзенскі езуіцкі калегіум, які даваў вельмі добрую агульную адукацыю. Паводле пастановы 4-гадовага Сейма Рэчы Паспалітай (1788–1792), пачатковыя школы пры касцёлах былі ўключаны ў агульную сістэму адукацыі. У 1-й палове 19 ст. не было забаронена навучаць чытанню, пісьму і арыфметыцы пры касцёлах. А ў міжваенны час у Заходняй Беларусі ўрокі ў школах пачыналіся з малітоўных спеваў, у класах на сцяне вісеў крыж.
    Сёння шмат кажуць пра секулярызаванае грамадства, гэта значыць тое, у якім роля рэлігіі і рэлігійных норм зніжаецца. Асабліва гэта тычыцца Заходняй Еўропы. Падчас свайго візіту ў Гродна Апостальскі нунцый кс. абп Клаўдыа Гуджэроці звярнуў увагу, што беларускі Касцёл перажывае росквіт – св. Імшы збіраюць вялікую колькасць вернікаў, людзі цікавяцца пытаннямі веры, рэлігіі, выхавання сваіх дзяцей у хрысціянскім духу. У той час як у Нямеччыне, напрыклад, часцей здараюцца выпадкі, калі даводзіцца закрываць святыню проста таму, што няма каму туды хадзіць. І таму падаецца, што сёння ідэя хоць бы каталіцкіх класаў ці груп у дзіцячым садку была б запатрабаванай.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

white
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  46

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.