ГРОДНА
Чацвер,
02 мая
2024 года
 

Парафіяльная місія ў Вярэйках

З жыцця Касцёла

Асвячэнне місійнага крыжа
З 29 красавіка па 6 мая 2012 года ў касцёле ў Вярэйках (Ваўкавыскі раён) адбыліся парафіяльныя місіі. У вернікаў была мажлівасць перажыць духоўнае аднаўленне і атрымаць папскае бласлаўленне місійным крыжам.
Падрыхтоўка да місій
У нядзелю 29 красавіка айцы Андрэй Ядкоўскі і Андрэй Шчупал, рэдэмптарысты, абвясцілі пачатак місій – рупны тыдзень працы над сабой. Усе засяродзілі ўвагу на стане душы, бо на яе, як не крыўдна, не заўсёды хапае часу ў штодзённым жыцці. Разам са святарамі вернікі касцёла спасцігалі Божую праўду і ішлі па шляху да святасці. Ад удзельнікаў місій патрабавалася адкрытае сэрца, жаданне да навяртання і глыбокае асэнсаванне таго, што адбывалася ў хрысціянскай святыні.
Вярэйкаўскія парафіяне пачалі рыхтавацца да місій задоўга да іх пачатку. Пробашч парафіі кс. Валерый Лісоўскі прапаноўваў неабходную літаратуру, рабіў акцэнт на важнасці ўдзелу ў місіях, якія здараюцца раз на 10-20 гадоў. Таму ў сэрцах вернікаў ужо жыло чаканне прыйсця Езуса. Ружанцовая супольнасць, шкаплернае брацтва і Апостальства Божай міласэрнасці аддана маліліся за добрае перажыццё місій.

Як змагацца з грахом
У другі дзень, 30 красавіка, касцёл разважаў над пытаннем, навошта мець чыстыя сэрцы. А з наступнага дня пачалася споведзь. Увага была звернута на тое, што заўсёды трэба быць падрыхтаваным да смерці, умець прабачаць і рэгулярна шчыра спавядацца. Не трэба баяцца, што ксёндз паглядзіць на цябе як на “цёмнага” грэшніка. Наадварот, ён паглядзіць на цябе “як на святую асобу”, адзначыў а. Андрэй Шчупал. У той жа дзень адбылася святая Імша для дзяцей і моладзі, на казанні якой місіянер а. Андрэй Ядкоўскі ў драўляную дошку ўбіваў цвікі як сімвал граху, а потым вымаў іх. Але, як заўважылі дзеці, “застаюцца дзіркі” – наступствы дрэнных учынкаў. Сэнс у тым, што ўжо з малых гадоў чалавек павінен вучыцца змагацца са спакусай, каб было менш негатыўных адбіткаў на сэрцы. Вельмі важна прадугледзець сітуацыю, каб потым не пакутаваць.

Прывітанне абраза  Езуса МіласэрнагаАд пакуты да шчаслівай усмешкі
У сераду, 2 мая, адбыўся Крыжовы шлях праз вёску. Увесь касцёл выйшаў на вуліцы вёскі, каб вызнаць сваю веру. Наперадзе па чарзе крыж несла моладзь, жанчыны і мужчыны, маладыя дзяўчаты і маці. Людзі разважалі над жыццём, узносілі да неба свае малітвы. Напрыканцы Крыжовага шляху сціх вецер, вернікі запалілі свечкі як сімвал уваскрослага Хрыста.
У чацвер быў удзелены сакрамант намашчэння хворых, а ў пятніцу адбылося аднаўленне сужэнскіх абяцанняў. Сем’і па чарзе падыходзілі да святара і атрымлівалі Божае бласлаўленне. Шчаслівыя, глядзелі адзін аднаму ў вочы і трымаліся за рукі.

Заканчэнне місій
5 мая парафіяне прывіталі пілігрымуючы абраз Езуса Міласэрнага, які ў парафію прывезлі з касцёла ў Рэплі. Ноччу адбылося чуванне, а каля шасці гадзін раніцы абраз быў урачыста перададзены ў Гродна, каб разам з ім вырушыць у пілігрымку ў Капцёўку.
У 11.00 у нядзелю адбылася святая Імша з асвячэннем місійнага крыжа, які зараз узвышаецца перад уваходам у касцёл. Парафіяне яшчэ раз вызналі сваю веру, уздымаючы ўгору ўласныя крыжы, прынесеныя з хаты. А ў самым канцы атрымалі папскае бласлаўленне місійным крыжам. Пасля падзякі святарам а. Андрэй Ядкоўскі сказаў: “Гэта самы цяжкі момант у працы місіянера: ты толькі прывык да людзей, а ўжо час развітвацца”. І вернікі таксама прывыклі да святара, які пераапрануў іх у новае ўбранне: белае, чыстае. “Галоўнае – трымацца. Перажыўшы місіі, так працягваць і надалей”.

Аднаўленне сужэнскіх абяцанняў Вынікі
У асабістай размове а. Андрэй Ядкоўскі адзначыў, што “на адно і тое ж казанне можна ўбачыць абсалюна розную рэакцыю людзей. Некаторыя не прапускаюць казанне праз сябе, а ў некаторых загараюцца вочы”. І а. Андрэй убачыў іскру ў вачах вернікаў вярэйкаўскай парафіі. Ён дадаў, што вялікая заслуга ў гэтым святара, які рыхтуе да місій сваіх парафіян.
А ксёндз пробашч падлічыў, што ў місіях удзельнічала каля 46-48% парафіян (прыкладна 400 чалавек). Гэта амаль на 30% больш, чым штотыднёва вызнае сваю веру ў касцёле. “Добры вынік працы і малітвы”.
Праз год у вярэйкаўскай парафіі адбудзецца рэнавацыя – першая гадавіна місій, якая будзе доўжыцца 4 дні. Прыпадае яна на свята св. Станіслава, 8 мая, калі ў гэтым годзе місіі ў парафіі афіцыйна скончыліся.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  244

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.