ГАЗЕТА ГРОДЗЕНСКАЙ ДЫЯЦЭЗІІ
 
Аўторак, 16 кастрычніка 2018 года
«Сустрэча з вамі ўмацоўвае
нашу веру і наш дух»
/ Папа Францішак /

З надзеяй на яднанне

З жыцця Касцёла

Кс. Андрэй Рылка, магістр тэалогіі і філасофіі, дактарант філасофскага факультэта Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ, намеснік дырэктара і мадэратар навучання Катэхетычнага каледжа ў Баранавічах, выкладчык Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску. 2011 год – XXV гадавіна малітваў аб адзінстве хрысціян у Асыжы
«Каб усе былі адно, як Ты, Ойча, ува Мне, а Я ў Табе, каб і яны былі ў Нас адно».
(Малітва Езуса за вучняў, Ян 17, 21)
Ці можна злучыць тое, што разарвалася тысяча гадоў таму? Што можа аб’яднаць людзей, якія сцвярджаюць, што толькі іх вера праўдзівая, калі кожны ўпарта абвяшчае сваю «праўду»? Гэтыя і падобныя пытанні ўжо цэлую тысячу гадоў непакояць многіх хрысціян, якія разумеюць, наколькі драматычным стала расчляненне Хрыстовага Цела - Царквы - на кавалкі. Яшчэ большым болем на фоне міжхрысціянскіх войнаў і канфліктаў адгукаецца малітва Езуса на Апошняй Вячэры: «каб усе былі адно». Ён ведаў, як хутка ў Яго імя людзі пачнуць дзяліць веру, уладу, дактрыну. Як хутка дух зайздрасці і падзелу пачне правіць баль там, дзе, здавалася б, павінна валадарыць толькі Божая Любоў. Аказалася, што чалавечыя амбіцыі сталі важнейшымі для многіх хрысціян, чым адзінства ў Езусе.
Малітва Яна Паўла II за адзінства
О Ты, якая з’яўляешся першай служанкай адзінства Хрыстовага Цела, сфармірованага пад Тваім мацярынскім сэрцам, дапамажы нам, дапамажы ўсім вернікам, якія так балюча адчуваюць драму гістарычных падзелаў хрысціянства,знаходзіць трывалыя шляхі да адзінства Цела Хрыста цераз абавязковую вернасць Духу Праўды і Любові, які быў ім дадзены за кошт Крыжа і Смерці Твайго Сына, Маці! Рым, 7 VII 1981 г.
  Гэтая драма разрывання Хрыстовага Цела на кавалкі цэркваў і сектаў паказвае ўсю глыбіню чалавечай сапсаванасці, няздольнасці людзей захаваць хаця б тое, што яны атрымалі ад Бога. Гэтую сапсаванасць чалавечай натуры можа выправіць толькі звышнатуральнае дзеянне ласкі самога Творцы. Няздольнасць чалавека да самавыратавання была прычынай таго, што Божы Сын увайшоў у гісторыю людзей, каб іх адкупіць і збавіць ад пагібелі. Бог даў людзям усё, што ім патрэбна, каб не загінуць у гэтым свеце, сапса-ваным грахом: Святога Духа, Касцёл, святыя сакрамэнты. Але многія хрысціяне, нават маючы такую моц і дары, пачалі спрачацца, дзяліцца, даводзіць супольнасць да падзелаў і ўзаемнай варожасці
    На працягу гісторыі можна прасачыць унутраную драму Касцёла-Царквы паміж раздзяленнямі і яднаннямі. 3 аднаго боку, не спыняліся спробы ўнутраных і знешніх ворагаў разарваць адзінства веры (схізма 1054 г., пратэстанцкі рух). 3 другога боку, ішоў працэс залечвання ран падзелаў. Працэс яднання часам выражаўся ў заключэнні афіцыйнага адзінства паміж Цэрквамі (шматлікія ўніі). А часта гэта былі зусім незаўважальныя ў знешнім свеце вяртанні шматлікіх душ да супольнасці веры.
    Апошнія стагоддзі сталі для хрысціян Еўропы вялікім выклікам перад навалай агрэсіўнага атэізму і бязвер’я. Можа таму вернікі розных канфесій з небывалай інтэнсіўнасцю, нягледзячы на падзелы і ўзаемны недавер, пачалі шукаць шляхоў паяднання. У 1895 годзе папа Леў XIII аб’явіў аб надзвычайным дзевяцідзённым маленні аб хутчэйшым яднанні хрысціян - Навэнне перад штогадовай урачыстасцю Спаслання Святога Духа. У 1908 годзе два англіканскія пастары Джон Спэнцэр і Паўль Ватсан) распачалі актаву - васьмідзённае маленне аб адзінстве Цэркваў з 18 да 25 студзеня. Ужо ў наступным годзе сам Ватсон паяднаўся з Каталіцкай Царквою. Ад 1936 года Касцёл на найвышэйшым узроўні ўключыўся ва ўсеагульную малітву і распачаў актыўныя захады ў імя паяднання паміж хрысціянамі. 3 вялікай моцай католікі, праваслаўныя і пратэстанты пачалі маліцца, каб Бог зрабіў тое, што па-людску выглядае немагчымым - з’яднаў усіх хрысціян у адзіную духам сям’ю.
    Для сучаснага вызнаўцы Хрыста экуменізм - рух за паяднанне ўсіх хрысціянаў - становіцца выклікам веры. I тут гаворка ідзе не аб «перацягванні» з адной канфесіі ў другую. Гэта адмысловае «соlloquium charitativum ( з лац. братэрская размова) паміж Царквамі, каб дайсці да паўнаты праўды, якую аб’явіў Хрыстос. Аднак старыя раны, зададзеныя Хрыстоваму Целу, не перастаюць засланяць вочы многім людзям.
    Адна з найбольшых перашкод на шляху паяднання хрысціянаў - гэта шматлікія міфы, паўпраўды, маніпуляцыі фактамі. У сваёй наіўнасці многія хрысціяне не адрозніваюць прапагандысцкія міфы ворагаў Бога ад рэальных фактаў. Старадаўні метад сатаны гаварыць паўпраўды аказваецца дзейсным. Паўтораная шмат разоў хлусня пачынае здавацца праўдай. Часам ажно здзіўляе, як апантана некаторыя хрысціяне спяшаюцца верыць бязбожнікам і зусім не слухаюць братоў па веры. Аслепленасць страхам перад «канкурэнтнай» канфесіяй прыводзіць некаторых вернікаў да беспадстаўнай нянавісці і адкрытай або закумуфляванай агрэсіі.
    Насцярожанасць некаторых хрысціянскіх асяроддзяў да экуменічнага руху трэба не асуджаць, а зразумець. Такая каштоўнасць як Ісціна патрабуе вялікай пакорлівасці чалавека і асцярожнасці адносна розных меркаванняў. Толькі той, хто не разумее каштоўнасці Божай Праўды, будзе спя-шацца крытыкаваць павольнасць экуменічнага руху. Вельмі лёгка можна было б стварыць адзіную хрысціянскую Царкву, калі б усе канфесіі пайшлі на кампраміс, адмовіліся ад ісцін, у якія вераць. Але сэнс не ў тым, каб механічна аб’яднаць хрысціян, а ў тым, каб яны ўсе паядналіся ў паўнаце Хрыстовай Праўды. Навышэйшая каштоўнасць - гэта жыццё з Богам у праўдзівай веры, а не ў прыдуманым людзьмі кансенсусе (згодзе). Інтэнсіўнасць і эфектыўнасць міжхрысціянскага яднання залежыць ад жадання вернікаў выйсці па-за ўласныя схемы мышлення. Жаданне дайсці да Праўды ў веры, нягледзячі ні на што, адмаўляючыся ад паўпраўдаў, нават калі на іх грунтаваліся папярэднія вераванні - гэта няпросты, але сапраўдны шлях. Здольнасць хрысціяніна з пакорнасцю прызнацца ў сваёй абмежаванасці і быць няспынна адкрытым на новыя гарызонты веры - гэта пачатак шляху шчырага паяднання з братамі ў Хрысце. Шлях экуменізму - гэт шлях адкрытага і даверлівага дзялення з братамі ў веры скарбамі, якія мае кожная канфесія. Адзінства ў малітоўным чуванні перад Богам, пошук таго, што яднае, а не дзеліць, стварае моцны фундамент для ўмацавання дыялогу ў веры і сумеснага адкрывання сапраўдных каштоўнасцяў. I аднойчы хрысціяне адкрыюць, як малое і неістотнае тое, што падзяляла, і як вялікае і глыбокае тое, што іх яднае, - Дух Хрыстовай Любові.

Актуальны нумар

Наш каляндар

 

kalendar 2018 by2s
Каляндар «Слова Жыцця»
на 2018 год

Літургічны каляндар

 
green
Літургія Слова на сёння:
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  77

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.