Верная ажно па крыж

Літургія - Хрысціянскія традыцыі

Хрысціянская традыцыя паказвае нам Марыю Магдалену як асобу, якая каецца.
Некалькі гадоў таму – а дакладней, у 2016 годзе – успамін св. Марыі Магдалены быў узведзены да рангу свята. Для нас гэта важнае накіраванне і падказка, каб у святой шукаць асаблівы ўзор хрысціянскага жыцця. Часцей за ўсё Марыя Магдалена паказваецца як апосталка апосталаў і весніца ўваскрасення.
Магчыма, варта адзначыць яшчэ адно вымярэнне яе жыцця, якое неабходна ў наш час, але, на жаль, недаацэньваецца – пакаянне. Хрысціянская традыцыя паказвае нам Марыю Магдалену менавіта як асобу, якая каецца, якая дзесьці ў строгай пустэльні праводзіць сваё жыццё і паддае сябе розным утаймаванням. Такі вобраз гэтай святой вынікае з евангельскіх запісаў, у якіх гаворыцца, што пасля свайго ўваскрасення раніцай у першы дзень тыдня Езус з’явіўся найперш Марыі Магдалене, з якой выгнаў сем злых духаў (параўн. Мк 16, 9).
   
Св. Марыя Магдалена з’яўляецца заступніцай жаночых манаскіх кангрэгацый, а таксама дзяцей, якія маюць праблемы з хаджэннем, цырульнікаў, жанчын, спакушаемых асоб, садоўнікаў, студэнтаў і вязняў.

    Мы можам толькі ўявіць, якім было яе жыццё, калі была апантаная столькімі дэманамі. Таму, калі Езус іх прагнаў, Магдалена не магла знайсці спосабаў адплаціць за такую вялікую ласку. Па гэтай прычыне з таго часу яна аддана следавала за Хрыстом, служыла Яму і была верная ажно па крыж. З-за сваёй удзячнай любові яна першай накіравалася да магілы Настаўніка велікоднай раніцай.
    Зыходзячы з Традыцыі, можам зрабіць выснову, што пасля Унебаўшэсця Пана Езуса Марыя аддалася пакаянню, якое, верагодна, мела вымярэнне атрымання асалоды ад удзеленага дару і ўзнагароджання за ўчыненыя грахі. Такое стаўленне можа ў чалавеку выклікаць толькі Святы Дух. Ён таксама можа даць сілы, каб весці падобнае жыццё.Тыцыян, Марыя Магдалена, 1565 г.
    Адкрыццё на ўздзеянне Святога Духа ў сваім жыцці прывядзе нас спачатку да таго, што ўбачым, як мы абавязаны Богу, колькі ласкаў пастаянна атрымліваем ад Яго. З іншага боку, Святы Дух дапамагае нам зразумець, як часта марнуем гэтыя Божыя дары, выбіраючы грэх. Любоў, якою адорвае нас Пан, будзе заахвочваць нас па прыкладзе Марыі Магдалены пачаць жыць духам пакаяння і ўзнагароджання за грахі ўласныя і іншых.
    Таму, магчыма, трэба пачаць з самага простага: вярнуцца да саліднага ўспрыняцця пятнічнага посту, г. зн. устрымання ад мяса ў кожную пятніцу на працягу ўсяго года, а не толькі падчас Адвэнту і Вялікага посту. Такое адмаўленне здаецца вельмі сціплай формай посту. Можна таксама, згодна з належнай ацэнкай сваіх магчымасцей, узяцца за іншыя формы пакаяння: пост на хлебе і вадзе, дадатковыя самаўтаймаванні (абмежаванне тэлебачання, інтэрнэту, мабільнага тэлефона, прысмакаў). Калі мы дазволім Святому Духу кіраваць сабой, Ён падкажа, што можам з гэтым зрабіць. Тым больш, што сучасны свет можа нам многае прапанаваць, з чаго не ўсё служыць нашаму духоўнаму развіццю.
    Таму давайце будзем пераймаць Марыю Магдалену, якая так палюбіла Бога, што не баялася каяцца ў сваіх грахах, каб яшчэ больш удасканаліцца ў гэтай любові.
   
Свята св. Марыі Магдалены адзначаем 22 ліпеня.