Людзі па прадказанні прарокаў з нецярпеннем чакалі прыходу Месіі. Таму не дзіўна, што пастухі, пакінуўшы статак, пабеглі ў Бэтлеем: “Калі анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: «Пойдзем у Бэтлеем і паглядзім, што там сталася і пра што абвясціў нам Пан». І пайшлі яны, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях” (Лк 2, 15–16). А калі ўбачылі, то расказалі ўсім, адкуль яны даведаліся, што нарадзіўся Хлопчык. Усе, пачуўшы гэта, былі вельмі здзіўлены тым, што пастухі расказалі ім. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, складаючы ў сэрцы сваім. Пастухі вярнуліся да свайго статка, праслаўляючы і ўсхваляючы Бога за ўсё, што яны чулі і бачылі, у адпаведнасці з тым, што ім было сказана.
Сцэну наведвання пастухамі Дзіцятка намаляваў у сваёй працятай трапятаннем карціне Карэджа, італьянскі жывапісец эпохі Высокага Адраджэння. А пошта Рэспублікі Малагасы, што на востраве Мадагаскар, адлюстравала яе на сваёй марцы. Нованароджаны Хрыстос азарае карціну чароўным святлом, святлом такім яркім, што жанчына ля Яго ног прымушана засланяць вочы ад гэтага асляпляльнага ззяння. Кій пастуха вядзе погляд гледача ў глыб кампазіцыі, накіроўваючы яго ўгору, да анёлаў, якія, у сваю чаргу, паказваюць уніз, на Немаўля.
Сёння мы паўсюдна бачым шопкі – ідылічную, салодкую карцінку, якая паўтараецца ў шматлікіх сцэнках Раства, якія паказваюць падчас свят. Гэтыя інсцэніроўкі ідэальна падыходзяць для святочнага настрою, у якім мы знаходзімся ў гэты тыдзень. Аднак, ці не губляем мы таго, што адбылося ў рэчаіснасці? Яўрэі на працягу стагоддзяў чакалі (і яшчэ ўсё чакаюць) прыходу Месіі. Ад Звеставання адбываліся падзеі, якія паказвалі, што гэта незвычайнае Дзіця. Калі Яно нарадзілася, анёл паслаў да Яго пастухоў, кажучы ім, што адбылося. Яны пайшлі, знайшлі Дзіцятка, расказалі аб гэтым іншым. Складваецца ўражанне, што нечага пры апісанні гэтай падзеі ў Бібліі не хапае. Нібы штосьці прапушчана. Чаму навіна не распаўсюдзілася па ўсім Бэтлееме? Нарадзіўся Збаўца, а большасць паводзіць сябе так, быццам нічога не здарылася! Напэўна, яўрэі чакалі, што Месія з’явіцца ў залатой калясніцы, якая спусціцца з неба, ці яшчэ якім-небудзь дзівосным, але адпаведным падзеі спосабам. Нараджэнне ў стайні ніяк не адпавядала іх чаканням.
Ці не жывём мы такімі самымі пачуццямі? Молімся, просім Бога дапамагчы і чакаем цуду. Ён пасылае нам людзей, якія гатовы дапамагчы, але мы не звяртаем на іх увагі, таму што чакаем анёла.Гэта як у тым анекдоце, калі людзі, уцякаючы ад паводкі, хочуць забраць з сабой святара, але ён адмаўляецца, гаворачы, што верыць у Божую дапамогу. Так, адмовіўшыся ад дапамогі яшчэ некалькі разоў, святар урэшце тоне, і стаўшы перад Богам, з крыўдаю гаворыць Яму: “Я так верыў у Цябе, і што?” А Бог на гэта: “Я тры разы пасылаў табе дапамогу, дык чаму ж ты не выкарыстаў яе?”
У 2005 г. пошта Бразіліі выпусціла прыгожы блок з рэпрадукцыяй карціны мастака Оскара Перэйры дэ Сільва. Пастухі ўшаноўваюць Дзіцятка ў яслях, а на полі блока мы бачым Бэтлеемскую зорку і трох вандроўнікаў, якія рухаюцца за ёю. Хто яны? У левым куце бачым, што гэта тры Каралі – тыя, каму належыць наступнымі наведаць Збаўцу.