XXXІII Звычайная нядзеля

Разважанні з Божым Словам

Мк 13, 24–32
Езус сказаў сваім вучням: “У тыя дні пасля таго ўціску зацьміцца сонца, і месяц не дасць святла свайго. І зоркі будуць падаць з неба, і сілы нябесныя пахіснуцца. Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады Анёлаў сваіх і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба. Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і распускаецца лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка Ён, пры дзвярах. Сапраўды кажу вам: не міне пакаленне гэтае, пакуль не адбудзецца ўсё гэта. Неба і зямля прамінуць, а словы Мае не прамінуць. А пра дзень той або гадзіну ніхто не ведае: ні Анёлы ў небе, ні Сын, а толькі Айцец”.

Чуваць і выконваць Божую волю
   Адкрытасць і чаканне – гэта якасці, якім мы павінны вучыцца зноў і зноў, каб быць гатовымі да прыходу Месіі. Выконваючы свае штодзённыя задачы, мусім чакаць прыйсця добрага Пана, які дае нам добрае і вучыць, як не змарнаваць свабоду, але правільна яе выкарыстоўваць. Ён любіць свой люд, таму што для нас стварыў свет і даў нам удзел у яго ўладкаванні.
    Такім чынам, мусім нанова прызнаць Хрыста Госпадам – згадзіцца на тое, каб Яго воля была на першым месцы. Мы павінны кіравацца Божай мудрасцю ў сваіх дзеяннях, усведамляючы, што толькі Ён можа зрабіць наша жыццё шчаслівым і прыгожым. Той, хто прыняў слова Езуса і спазнаў Яго любоў, можа з надзеяй і тугой чакаць Яго другога прыйсця, бо ведае, што гэта будзе сустрэча з добрым Панам. Такое сведчанне даў на пачатку ІІ стагоддзя св. Палікарп, які перад абліччам мучаніцкай смерці, якая яго чакала, калі перад рымскім суддзёй не адмовіцца ад Езуса, сказаў: “Я служу Яму ўжо 86 гадоў, і Ён нічога дрэннага мне не зрабіў, наадварот, адорваў дабрадзействамі”.
    Давайце чуваць, выконваючы ў сваім жыцці Яго волю. Давайце слухаць Яго і карыстацца Яго мудрасцю! Няхай слова Езуса і дары Святога Духа ўмацоўваюць нашы сэрцы, каб мы былі гатовыя да дня Яго канчатковага прыйсця.
   
   Пане Езу Хрысце, навучы мяне кіравацца Тваёю мудрасцю ў сваіх учынках, бо толькі Ты можаш зрабіць мяне шчаслівым!