Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы

Разважанні з Божым Словам

Мц 28, 16–20
Адзінаццаць вучняў пайшлі ў Галілею на гару, куды загадаў ім Езус. І калі Яго ўбачылі, пакланіліся Яму, але некаторыя засумняваліся. Тады Езус наблізіўся да іх і сказаў ім: “Дадзена Мне ўсялякая ўлада на небе і на зямлі.
    Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку”.

Крыніца любові
   Распазнавальным знакам хрысціян ва ўсім свеце, незалежна ад іх культуры і мовы, якой карыстаюцца, заўсёды з’яўляецца знак крыжа. Мы адзначаны ім у дзень свайго св. хросту, а абмыццё хрысцільнай вадой у імя Святой Тройцы ачышчае нас ад першароднага граху і робіць Божымі дзецьмі.
    Вера ў Айца, Сына і Святога Духа з’яўляецца для нас фундаментальнай. Гэта яна вядзе чалавека да збаўлення. Але ў жыцці хрысціяніна ёсць яшчэ адна вельмі важная адметная рыса. Гэта запаведзь любові да Бога і бліжняга. У першыя стагоддзі хрысціянства паслядоўнікаў Хрыста пазнавалі не толькі па тым, як яны хрысціліся, але і па тым, як любілі адзін аднаго. Крыніцай іх любові была вера ў Трыадзінага Бога. Бо калі шукаем самую дасканалую любоў, знойдзем яе толькі ў Святой Тройцы, у якой Айцец любіць Сына, а Сын – Айца. Святы Дух падтрымлівае і ажыўляе гэтую любоў. Ён таксама робіць нашы сэрцы здольнымі прыняць Божую любоў і жыць ёю.
    Бывае, што ў жыцці расчароўваемся ў любові. Хтосьці нас пакрыўдзіў, падмануў ці, магчыма, выкарыстаў наша добрае сэрца. Губляем веру ў тое, што любоў увогуле магчымая і што ўсё яшчэ можам любіць. Параненыя, мы пачынаем раніць іншых. На жаль, мы не здольны запаліць полымя любові самастойна. Толькі ў Богу можам знайсці сапраўдную любоў. Толькі Ён праз сваю бясконцую любоў можа вылечыць нашы сэрцы і зрабіць іх здольнымі любіць па-сапраўднаму. Адкрывайма Бога як жывую супольнасць Асоб і даручайма свае зраненыя сэрцы дзеянню Яго аздараўленчай ласкі.
   
   Пане Езу Хрысце, дазволь мне ў Табе знайсці сапраўдную любоў і аздараўляй маё зраненае сэрца!