V ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

Ян 14, 1–12
Езус сказаў сваім вучням: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы Я вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. І калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце”. Кажа яму Тамаш: “Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?”. Езус сказаў яму: Я – дарога і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне. Калі б вы ведалі Мяне, ведалі б і Айца Майго. І адгэтуль ужо Яго ведаеце і бачылі”. Філіп кажа Яму: “Пане, пакажы нам Айца і хопіць нам”. Адказаў яму Езус: “Філіпе, столькі часу Я з вамі, а ты не ведаеш Мяне? Хто Мяне бачыў, бачыў і Айца. То чаму ты кажаш: «Пакажы нам Айца»? Ці ты не верыш, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне? Словы, што Я кажу вам, не ад сябе кажу. Але Айцец, які ўва Мне, Ён чыніць справы свае. Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх учынкаў. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць учынкі, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я іду да Айца Майго”.

Перамагчы з Богам
   У велікодны перыяд Езус прыгадвае, што мэтай жыцця чалавека з’яўляецца вечнасць з Богам. Хоча падзяліцца з намі ўдзелам у сваёй перамозе над грахом і смерцю. Запрашае разам з Ім прыняць удзел у хвале Неба і ўжо тут, на зямлі, указвае шлях, каб дайсці да гэтай мэты.
    Езус гаворыць пра сябе як пра дарогу, праўду і жыццё. Ён сам з’яўляецца Дарогай, якая вядзе нас да Бога Айца, у Неба. Гэта Ён з’яўляецца Праўдай аб нашым жыцці і аб нас саміх. Толькі ў Ім можам адкрыць гэтую праўду. Менавіта Езус з’яўляецца Жыццём – паўнатой нашага жыцця, як тут, на зямлі, так і ў вечнасці.
    Збаўца абяцае, што верачы ў Яго, мы будзем рабіць вялікія справы. Таму давайце з адвагай ісці ў штодзённасць. Даверымся Хрысту, каб страхі і жыццёвыя цяжкасці не бралі над намі верх, але каб Ён – Дарога, Праўда і Жыццё – вёў нас да перамогі, таму што да жыцця і перамогі мы былі створаны Богам.
● Кім для мяне з’яўляецца Езус Хрыстус?
● Ці сапраўды я накіроўваюся ў бок перамогі?