XVI ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ
Разважанні з Божым Словам
З Eвангелля св. Лукі
Прыйшоў Езус у адну вёску. І жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго. У яе была сястра па імені Марыя, якая села каля ног Езуса і слухала Ягоныя словы. Марта ж была занятая многімі паслугамі. Яна, падышоўшы, сказала: “Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне”. Пан жа сказаў ёй у адказ: “Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала найлепшую частку, якая не адымецца ў яе”.
†
Лк 10, 38–42
Адкласці менш важныя справы Евангелле ўказвае нам на Езуса, якога прымаюць у розных дамах. Ён наведвае Пятра, Закхея, багатага фарысея. Часта прабывае ў сям’і Лазара, Марыі і Марты. Дыяметральна па-рознаму паводзяць сябе ўзгаданыя сёстры, прымаючы ў доме важнага Госця. Марта засяроджваецца на ўпарадкаванні жылля і гатаванні ежы.
Марыя ж спыняе працу, каб сканцэнтраваць увагу на навуцы Езуса. Незадаволенасць Марты паставай Марыі вырашае Хрыстос, падкрэсліваючы неабходнасць адчувальнасці да Яго збаўчага паслання.
Езус прагне растлумачыць, што ў жыцці кожнага з нас ёсць справы больш важныя і менш важныя. Мы павінны выбіраць, што ў дадзеную хвіліну мае большае значэнне. Збаўца адзначае, што слуханне Божага слова важнейшае, чым клопат пра багата застаўлены стол і прыбраны дом. Прыгадвае таксама, што добрая малітва вядзе да працы, а сумленная праца можа стаць малітвай.
Езус штодзённа прыходзіць у дом жыцця чалавека са сваім Словам. Хоча прамаўляць да нас асабліва падчас чытання Святога Пісання на св. Імшы. Чакае, каб мы, падобна Марыі, адклалі іншыя справы і засяродзіліся на Госці, які мае сказаць штосьці важнае.
● Ці здольны я пакінуць іншыя справы, каб паразмаўляць з Богам?
● Як перажываю сустрэчу з Панам у Эўхарыстыі?
|
|