XII ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Калі Езус маліўся ў самоце, вучні далучыліся да Яго. І спытаўся ў іх: “Кім лічыць Мяне народ?”. Яны сказалі ў адказ: “Янам Хрысціцелем, іншыя – Іллёю, некаторыя ж кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос”. Ён спытаўся ў іх: “А вы кім лічыце Мяне?”. І адказаў Пётр: “Месіяй Божым”. Але Ён строга загадаў ім нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен выцерпець шмат, што адцураюцца Яго старэйшыны, першасвятары і кніжнікі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсне. Усім жа сказаў: “Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго; а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго”.
Лк 9, 18–24

Спадарожнічаць Хрысту
   Пад канец сваёй дзейнасці Хрыстос задае апосталам 2 – на першы погляд лёгкія – пытанні: “Кім лічыць Мяне народ?” і “Вы кім лічыце Мяне?”. Тым самым Ён арганізуе вучням пэўны фінальны тэст. Наколькі першае пытанне з’яўляецца праверкай ведання, дзе адказ мае характар пераказу, настолькі другое датычыць веры і патрабуе індывідуальнага абдумвання: не дастаткова назваць пачутыя меркаванні, неабходна падключыць усе пачуцці, каб адказаць спачатку сабе самому.
    Не дзіўна, што толькі 1 з 12-ці апосталаў адважваецца – магчыма, пасля доўгіх разважанняў – даць адказ. Аднак, нягледзячы на тое, што ён быў правільны, “экзамен” не скончыўся. Пасля тэарэтычнай часткі надышла практычная, што заключалася ў прыняцці рашэння: пайсці за Збаўцам, рызыкуючы жыццём, ці вярнуцца да пакінутых раней абавязкаў у свеце.
    Хрысціянін павінен штодзённа браць свой крыж і ісці за Езусам, павінен спадарожнічаць Настаўніку таксама ў цярпенні. Дарога жыцця кожнага чалавека, незалежна ад яго волі, заўсёды вядзе праз Кальварыю.
   
● Кім для мяне з’яўляецца Хрыстос?
● Ці спадарожнічаю Збаўцу ў Яго цярпенні?