ХXX ЗВЫЧАЙНАЯ НЯДЗЕЛЯ

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Марка
Калі Езус выходзіў з Ерыхона са сваімі вучнямі і з вялікім натоўпам, Бартымэй, сын Тымэя, сляпы жабрак, сядзеў каля дарогі. Пачуўшы, што гэта Езус Назаранін, ён пачаў крычаць: “Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною”. Многія загадвалі яму замоўкнуць, але ён яшчэ мацней крычаў: “Сыне Давіда, змілуйся нада мною”. Езус спыніўся і сказаў: “Паклічце яго”. І паклікалі сляпога, кажучы яму: “Смялей, уставай, Ён кліча цябе”. Скінуўшы плашч, той падскочыў і падышоў да Езуса. І адказваючы яму, Езус сказаў: “Што хочаш, каб Я зрабіў табе?”. Сляпы сказаў Яму: “Настаўнік, каб я зноў бачыў”. Езус сказаў яму: “Ідзі, вера твая вылечыла цябе”. І той адразу пачаў бачыць, і пайшоў за Езусам па дарозе.
Мк 10, 46–52

Позірк сумлення
   Людзі бачаць не толькі вачыма, але і сэрцам. Вочы душы мы называем сумленнем. Кожны чалавек ад нараджэння валодае гэтым бясцэнным дарам ад Бога і праз усё сваё жыццё павінен выхоўваць яго і развіваць у святле запаведзей і Евангелля.
    Добра сфарміраванае сумленне дазваляе адрозніць дабро ад зла, заахвочвае рабіць высакароднае і пазбягаць беззаконняў, адорвае супакоем, калі робім правільны выбар, і грызе знутры, калі памыляемся. Яно з’яўляецца той асаблівай прасторай у глыбіні сэрца, з якой Стварыцель звяртаецца да нас, каб ішлі за Яго святлом. Таму фізічная слепата небяспечная для цела, духоўная ж – пагражае душы.
    Просім Бога, каб ацаліў ад духоўных пакут і дапамог захаваць зрок нашага сумлення. Няхай пастава Бартымэя навучыць нас стойкасці ў веры, бо толькі праз яе можам быць аздароўлены ад сваіх немачаў: як у душы, так і на целе.
   
● Як я ўспрымаю людзей, якіх свет спіхнуў на абочыну жыцця?
   ● Як часта малюся Богу словамі Бартымэя: “Езусе, Сыне Давіда, змілуйся нада мною”?