VIII Нядзеля звычайная
Разважанні з Божым Словам
З Eвангелля св. Мацвея
Езус сказаў сваім вучням: “Ніхто не можа служыць двум гаспадарам. Бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць; ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне. Таму кажу вам: не турбуйцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж не большае жыццё за ежу, а цела – за вопратку? Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не больш вартыя за іх? І хто з вас, турбуючыся, можа дадаць да свайго росту хоць адзін локаць? І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя? Таму не турбуйцеся і не кажыце: «Што нам есці?» або: «Што піць?», або: «У што апрануцца?». Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. А ваш Айцец Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не турбуйцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтрашні дзень патурбуецца сам за сябе. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.
†
Мц 6, 24–34
Лішнія турботы
Пан Езус быў паэтам. Яго параўнанні пра лілеі і птушак нябесных стала ўвайшлі ў мову. Шкада, што гэтага не скажаш аб іх зразуменні і прымяненні на практыцы. Так, мы захапляемся Евангеллем, прыкладваем шмат намаганняў, каб яно дайшло да самых далёкіх куткоў зямлі, але яго прымяненне ў нашым свеце натыкаецца на цяжкасці. Мы ўвесь час запальваем Богу свечку, а д’яблу агарак.