IV нядзеля Адвэнту

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
У шостым месяцы Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, які называўся Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы – Марыя. Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: “Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою”. Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. I сказаў Ёй анёл: “Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. I вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага. I валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца”. А Марыя сказала анёлу: “Як станецца гэта, калі я мужа не ведаю?” Анёл сказаў Ёй у адказ: “Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і народжанае Святое будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка Твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ёсць ужо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай; бо для Бога няма нічога немагчымага”. Тады Марыя сказала: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова”. I адышоў ад Яе анёл.

Лк 1, 26-38


Далікатнае дзеянне Бога
   Правілам, глыбока ўпісаным у парадак свету, з’яўляецца тое, што самае важнае заўсёды здзяйсняецца ў пэўнай ступені ўтоена, у цішыні, напоўненай прысутнасцю Бога. Так было з Божым словам, якое ў Назарэце стала Целам. Без ніякіх сведкаў, без столькіх гучных і пустых ухвал, у глыбокай таямніцы Бог змяняе свет у супрацоўніцтве з адданым Яго волі чалавекам. Гэтую далікатную прысутнасць Бога мы будзем перажываць у Бэтлеемскую ноч, а потым, калі захочам, будзем слухаць Езуса, які павучае нас, або прыйдзем да яго ноччу, як Нікадзім.
    А тым часам няхай час чакання прынясе плён Божай міласэрнасці падчас адвэнтавых рэкалекцый пры кратках канфесіянала. Такія таямніцы змяняюць свет.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч