XIII нядз. звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Мацвея
Езус сказаў сваім Апосталам: «Хто любіць бацьку ці маці больш, чым Мяне, не варты Мяне. I хто любіць сына ці дачку больш, чым Мяне, не варты Мяне. I хто не бярэ крыжа свайго і не ідзе за Мною, той не варты Мяне.
    Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто страціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго. Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. Хто прымае прарока ў імя прарока, узнагароду прарока атрымае. I хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, узнагароду справядлівага атрымае. I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады ў імя вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй».

Мц 10, 37-42


Евангелле i пытанне яе патрабаванняў
   Ці можа быць на свеце штосьці больш важнае, чым самыя блізкія: бацька, маці, дзеці? Адкуль жа такая суровасць патрабаванняў, якія прад’яўляе Езус у сённяшнім Евангеллі? Калі ўжо Бог Айцец адарыў нас здольнасцю любіць і быць любімымі, то ў Яго так рашучых словах павінен быць схаваны глыбейшы сэнс. Быць можа, адной з магчымых інтэрпрэтацый з’яўляецца спроба нагадаць пра асноўныя законы, на якія абапіраецца гэты свет і яго існаванне. Запаведзь “Шануй бацьку свайго і маці сваю” знаходзіць свой выток у стваральнай любові Бога. Любіць Яго ўсім сэрцам, розумам і ўсёй душой не будзе прыменшаннем пачуцця ў адносінах да таго, што з’яўляецца справай Яго любячага сэрца і бацькоўскіх рук.
    Прыгадванне гэтай праўды пацвярджае сам Езус, пералічваючы чарговыя асноўныя прынцыпы, якія датычаць нашага існавання: абавязковасць крыжа і вартасць пакут у жыцці, паслухмянасць у веры і давер у адносінах да Бога.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч