XXXII Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Бог не ёсць Бог мёртвых, але жывых: бо для Яго ўсе жывуць.

Лк 20, 27-28


Евангеллле прызначана не толькі для хрысціян. Яна з’яўляецца Добрай Навінай, накіраванай без выключэння да кожнага чалавека: “бо для Яго ўсе жывуць” (Лк 20, 38). Гэтыя словы Хрыста павінны былі развеяць сумненні садукеяў, якія лічылі, што няма паўстання з памерлых. Не развеялі. Сёння пасля садукеяў не засталося на гэтай зямлі следа, усе яны ведаюць ужо праўду, бо ўбачылі Бога тварам у твар. На жаль, у нашай тленнасці іхнія сумненні і далей жывуць уласным жыццём. Для многіх смерць з’яўляецца канцом ўсяго, што існуе, а далей ёсць толькі пустата. Таму для падтрымання свайго пераканання тыя, якія адкідваюць вечнае жыццё, па-рознаму стараюцца ўладкавацца ў зямным жыцці, а часам прадоўжыць сваё існаванне. І чым больш яны “магутнейшыя”, тым больш сіл прыкладваюць да змагання з непазбежнай неабходнасцю сустрэцца са смерцю, але з усё больш мізэрным вынікам. Калісьці Хеопс, егіпецкі фараон, вырашыў існаваць вечна і пабудаваў піраміду. Ён дасягнуў поспеху ў якімсьці сэнсе – прынамсі, яго імя стала несмяротным. Вялікія гэтага свету, каб ствараць сваю веліч, утваралі імперыі коштам тысяч, мільёнаў людскіх існаванняў. Безумоўна, яны таксама жывуць у памяці нашчадкаў, але як небяспечныя вар’яты. Іхняе вар’яцтва грунтуецца не толькі на абсурдных ідэях “лепшай будучыні”, але і на спробах выкрасліць з людскіх сэрцаў усякую канкурэнцыю, а таму праўду пра Бога і Яго ўладу над светам. Пасля іх засталіся бясслаўная памяць, нястача і беднасць у тленнасці, што павінна была замяніць неба. На жаль, пасля сябе яны аставілі ўбоства ў духоўным жыцці. Гэтае апошняе не з’яўляецца толькі плёнам атэізму, што быў нядаўна абавязковым. Адносны дабрабыт і некрытычная пагоня за ім парадзілі такі лад жыцця, як бы Бог не існаваў. Ці сёння мы зможам кіравацца праўдай пра Бога, для якога ўсе мы жывём?

Кс. Яраслаў Грынашкевіч