XXVIII Нядзеля звычайная

Разважанні з Божым Словам

З Eвангелля св. Лукі
Езус, калі ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. I калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія сталі здалёк і моцным голасам казалі: “Езус, Настаўнік, змілуйся над намі”. Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: “Ідзіце, пакажыцеся святарам”. А калі адышлі, яны ачысціліся.
    I адзін з іх, убачыўшы, што стаў аздароўлены, вярнуўся, моцным голасам праслаўляючы Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: “Ці не дзесяць было ачышчаных, дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся аддаць славу Пану, акрамя гэтага чужынца? I сказаў яму: “Устань, ідзі; вера твая збавіла цябе”.

Лк 17, 11-19

Заставацца ўдзячным!
Можна так сказаць, што ў Евангеллі ідзе размова пра двайное ачышчэнне. Першае – гэта вылечванне з канкрэтнай хваробы, у дадзеным выпадку - са страшнай праказы. І вылечылася 10 чалавек, дзякуючы выразнаму ўмяшанню Езуса. Але наш Збавіцель звярнуўся да аднаго з тых асоб: “Устань, ідзі: вера твая выратавала цябе” (Лк 17, 19). Хрыстус выказвае гэтыя словы, калі той вяртаецца, каб падзякаваць Богу за атрыманую ласку. Адсюль ясна відаць, што поўнае вылячэнне цела і душы патрабуе таксама актыўнай чалавечай пазіцыі перад абліччам Бога. Евангелле падкрэслівае, што тым чалавекам, які вярнуўся, каб падзякаваць Езусу, быў самаранін – прадстаўнік народу, якім пагарджалі габрэі.
    Ці ў маіх адносінах з Богам ёсць месца для ўдзячнасці Яму за атрыманыя дары? Калі не, то я застаюся толькі на палавіне шляху да сапраўднага вылячэння.

Кс. Яраслаў Грынашкевіч