Рыхтуемся да зімы з клопатам пра сябе і навакольнае асяроддзе

Экалагічная цнота

nasienia    Вы калі-небудзь аналізавалі тое, як вам традыцыйна прапануюць перакопваць агарод, засольваць агародніну і варыць варэнне? А што наконт апраўданасці ўборкі лістоты і скошвання ўсёй травы? Вы таксама прытрымліваецеся неапраўданых укладанняў уласных сіл? Як можна паменшыць ўласныя выдаткі і павялічыць карысць для сябе і ўсяго жывога навокал, вучыцеся пры дапамозе правераных на практыцы метадаў.
majsiuk2
   Захоўваем ураджай
   Наш арганізм здольны атрымліваць карысць толькі ад жывога. Як жа захаваць агародніну і садавіну, ягады і зеляніну максімальна жывымі?
    Найбольш карысці арганізм атрымлівае ад спелых і цэлых пладоў. Лепш за ўсё ўраджай яблыкаў, вінаграду, сліў і карняплодаў захоўваць у падвале, сабраўшы ў сухое яснае надвор’е. Не спрабуйце захаваць тое, што ўжо пачало псавацца – яно не пойдзе на карысць.
    На зіму ўраджай можна засушыць і замарозіць. Для захавання карысных рэчываў выкарыстоўвайце тэмпературы сушкі да 40°С. Адзін з эканомных спосабаў – сушыць на батарэях цэнтральнага ацяплення. Калі пачнецца ацяпляльны сезон, ідэальна хутка засушваць кабачкі, гарбузы, буракі, моркву, тапінамбур, яблыкі. Іх трэба тонка парэзаць і нанізаць на драўляныя шпажкі так, каб паміж лустачкамі была прастора. На батарэю папярэдне пакласці паперу. За суткі-двое лустачкі высыхаюць, і іх можна змалоць ці захоўваць цэлымі ў папяровых пакетах. Карысць вы атрымаеце, калі будзеце іх размочваць у цёплай вадзе, не абварваючы.
    Забудзьцеся аб неапраўданым высілку квашання капусты. Яна прыносіць карысць арганізму толькі ферментаваная, без солі і цукру. Квас рыхтуецца трое сутак і сілкуе карысную мікрафлору кішэчніка. Дастаткова 1,2 кг капусты парэзаць, пакласці ў трохлітровы слоік, дадаць звычайнай вады, на смак кмен, а затым усё здрабніць блендэрам. Пакінуць у цёмным цёплым месцы, накрыўшы сподачкам. Брадзільныя працэсы будуць падымацца, таму вады павінна быць недаліта на палец, а слоік лепш змясціць у глыбокую талерку. Потым сок можна піць, а жмых выкарыстоўваць для салатаў або як начынку для ролаў, сырых галубцоў.
   
   Асенняя бесклапотнасць у садзе і агародзе
   Паглядзіце, як пра сябе клапоцяцца расліны, калі чалавек не ўмешваецца ў іх натуральнае развіццё. Дрэвы хаваюць каранёвую сістэму пад апалым лісцем, якое пад дзеяннем ападкаў пачынае раскладацца і вылучаць цяпло. Глебавыя жыхары перапрацоўваюць лісце, ператвараючы яго ў карысныя рэчывы. Гэты працэс доўжыцца да вясновага цяпла. Тут жа зімуюць насякомыя, якія абароняць будучыя ўраджаі.
    У прыродзе існуе імпрынтынг. Гэта форма навучання, пры якой арганізм запамінае, дзе ён нарадзіўся, і будзе размнажацца ў тым жа месцы. Калі кожны сезон прыбіраць лістоту з-пад дрэў, абаронцы дрэва яшчэ не хутка яго знойдуць. Пакіньце лістоту для самазабеспячэння дрэва, і вы сябе пазбавіце ад высілку ўборкі і ўтылізацыі лістоты, ад падкормкі і хімічнай абароны расліны, ад пастаяннага клопату, які толькі правакуе аслабленне расліны.
    Зямля гэтак жа прадумала механізм для абароны ўрадлівасці – уся зямля пакрываецца раслінамі. Там, дзе яна бедная на ўрадлівасць, першымі засяляюцца расліны, якія называюць пустазеллем. Але гэта самыя карысныя травы, таму што яны ўзбагачаюць сваёй зялёнай масай паверхню глебы разнастайнымі элементамі. На зіму зямля павінна быць добра схавана зялёнай масай, каб глебавыя мікраарганізмы змаглі добра перазімаваць, не прамерзнуць і ўвесну раней пачаць перапрацоўваць леташнюю зеляніну. Калі пацяплее, будучыя градкі можна прыкрыць чымсьці шчыльным, каб трава не змагла ўзысці раней пасадак.
   
   З клопатам пра птушак
    У прыродзе многія расліны пакідаюць сваё насенне на сцябле. Гэта і дапамагае харчавацца птушкам. Лапух, сланечнік, парасонавыя і многія іншыя расліны значна вышэйшыя за ўзровень снежнага покрыва, таму яны даступныя для птушак. Так і ягады глогу, рабіны, шыпшыны здольны пракарміць птушак без вашага ўдзелу. Затое такія прыкормкі стануць прычынай заставацца побач з вамі і абараняць будучыя ўраджаі. Птушкі гэтак жа карыстаюцца імпрынтынгам – дзе было добра зімой, хапала корму, там можна і патомства выводзіць. Кармушка не лепшы варыянт для птушак. Чалавек можа проста перастаць прыязджаць. А яшчэ адна з небяспек – гэта хуткае распаўсюджанне хвароб. Таму лепшым варыянтам клопату будзе пакідаць у садзе вакол дома расліны з насеннем і пладамі, каб самі птушкі іх знаходзілі. Яны ж здольны паменшыць колькасць лічынак у лістоце і пад карой.
    Думайце загадзя аб тым, як уладкаваць сваю прастору, каб яна магла сябе забяспечваць, не патрабуючы ад вас цяжкай працы. У гэтым заключаецца ўстойлівасць развіцця.