Атрымліваем ураджай, выкарыстоўваючы прыродную мудрасць

Экалагічная цнота

urodzaj    Усё ў свеце ўзаемазвязана, таму ад нашых сённяшніх рашэнняў залежыць заўтрашні дзень. Знішчаючы прынцыпы прыроды, чалавек забірае будучыню ў сябе і нашчадкаў, а ўзнаўляючы заканамернасці біясферы, – захоўвае лепшыя ўмовы для жыцця.
    Падумаем, як прымножыць урадлівасць зямлі для будучых пакаленняў?
majsiuk2
   Вучымся назіраць
    Любая тэрыторыя, градка ці сад непаўторныя па разнастайнасці раслін, насякомых, кліматычных умоў. Разумеючы гэта, неабходна пачаць выкарыстоўваць індывідуальны падыход, які атрымаў назву пермакультура. Пераасэнсуйце старыя метады земляробства! Пачніце з вызначэння тыпу і кіслотнасці глебы, месцаў асветленасці і зацямнення ўчастка, выяўце, што абараняе расліннасць ад ветру і дзе адкрытая тэрыторыя, якую абдуваюць скразнякі, вывучце асаблівасці рэльефу ўчастка і мясцовага клімату, улічыце аддаленасць вадаёмаў.
   
    Не капаючы, атрымлівай больш
    Да з’яўлення сельскай гаспадаркі ўрадлівасць глебы рэгулявалася прыроднымі працэсамі. Іх лёгка ўбачыць, калі паступова аддаваць ініцыятыву па клопаце аб урадлівасці раслінам, насякомым, мікраарганізмам і проста змене пор года.
    Для раслін жыццёва неабходная рыхласць глебы, каб да каранёў паступала вада і кісларод, а глебавыя мікраарганізмы рыхтавалі пажыўныя рэчывы. Гэта паўнавартасныя ўмовы для здаровага развіцця расліны, яе пладоў і насення. Перакопваючы і вырываючы дзікарослыя расліны, прыбіраючы камяні з градак і з-пад дрэў, выганяючы кратоў і мурашак з участкаў, чалавек парушае натуральнае вентыліраванне глебы, яна становіцца зацвярдзелай і змярцвелай. Вось чаму прыдумалі хімічныя ўгнаенні, але яны не вырашаюць праблему, а, як лекі, маскіруюць следствы захворвання. Прычына ж нізкай урадлівасці – умяшанне ў экасістэму градкі.
    Замест перакопкі пакасіце месца будучай градкі, прыкрыйце чымсьці шчыльным (гэта можа быць тоўсты пласт саломы, шыфер, кардон), каб сонечнае святло не пранікала і расліны не маглі расці. Так праз месяц уся непатрэбная расліннасць адамрэ, карані ператворацца ў сетку хадоў для паветра, вады, глебавых мікраарганізмаў, насякомых і чарвякоў. Вам дастаткова будзе пакрыць градку мульчай (салома, апілкі не хвойных парод, скошаная трава), каб зямля не перасыхала, а непажаданыя расліны не давалі ўсходы. Пасадзіце насенне ў невялікія лункі або лініі. Для такой градкі нават паліў не патрэбны, бо пад пластом мульчы і ў хадах адмерлых каранёў збіраецца кандэнсат, а сонца не выпарае акумуляваную вільгаць пасля дажджоў. Праполка таксама не патрабуецца. На зіму неабходна шчыльна пакрываць градкі мульчай.
   
Пермакультура (ад англ. – “сталая сельская гаспадарка”) – гэта падыход да праектавання навакольнай прасторы і сістэма вядзення сельскай гаспадаркі, заснаваныя на ўзаемасувязях з натуральных экасістэм. Прадугледжвае стварэнне самафункцыянуючай замкнёнай сіс- тэмы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

    Нават тля дапамагае дрэву расці
    Для нечага ж былі прыдуманы насякомыя? Усе яны карысныя і патрэбныя для багатых ураджаяў. Тлю знішчаюць, знаходзяць яе натуральных ворагаў, а варта сесці і падумаць, што яна робіць у прыродзе – і лішняя марная праца чалавека застанецца тлі. Вясной, калі расліны прачынаюцца і ідзе рух соку, маладыя лісты пачынаюць выводзіць залішні сок, ён сачыцца і стварае праблему для фотасінтэзу. Тут і прыходзіць на дапамогу тля – яна злізвае лішкі. Падчас бурнага росту верхавін галінак чалавек спрабуе іх абрэзаць. Навошта? Ёсць тля! Яна здольна пракалоць толькі далікатныя лісточкі. Ягады спеюць, лішнія парасткі не растуць, чалавек задаволены. Прырода робіць усё з розумам.
    Мурашкі на сваім шляху абеззаражваюць кіслатой глебу, кару дрэў, расліны. Яны ствараюць дадатковую вентыляцыю пад глебай і дапамагаюць у тэрмарэгуляцыі. А яшчэ абараняюць тэрыторыю, таму што аберагаюць расліны, каля якіх вырошчваюць патомства. Чарвякі пераворваюць зямлю, дапамагаюць яе вентыліраваць і ствараюць урадлівасць, узбагачаючы глебу сваімі ферментамі. Паназірайце за іншымі насякомымі, якія яны важныя справы робяць для вялікага ўраджаю!
    Збіраючы карэньчыкі ці вяршкі, пакідайце на градцы тое, што не будзеце выкарыстоўваць. Гэта і стане харчаваннем раслін у наступны сезон. Правільных Вам ураджаяў!