Пахвалёны Езус Хрыстус!

Экалагічная цнота

Шаноўная рэдакцыя “Слова Жыцця”, артыкул, апублікаваны ў мінулым нумары пад назвай “Экалагічная альтэрнатыва ўшанаванню памяці памерлых”, дае карысную заўвагу адносна выкарыстання штучных кветак. Але, разам з тым, другая яго частка выказвае неадназначнае меркаванне аб тым, што “экалагічнай катастрофай з’яўляецца і само месца пахавання”.
Абзац, з якога ўзята гэтая цытата, выглядае як набор бездоказных сцверджанняў і выкарыстоўваецца ў якасці падставы для далейшай рэкамендацыі крэмацыі цел і пахавання праху ў калумбарыі дзеля зберажэння навакольнага асяроддзя.
   Пазіцыя, выказаная ў артыкуле, пярэчыць настойлівай рэкамендацыі Касцёла захоўваць традыцыйны спосаб пахавання цел у зямлю (кан. 1176, §3 ККП). Таксама блюзнерчым здаецца сцверджанне, што “для вырабу трун і крыжоў таксама ў вялікай колькасці знішчаюцца дрэвы”. Абавязак хрысціянскага культу для чалавека з’яўляецца вышэйшым за абавязак клопату аб навакольным асяроддзі. Акрамя таго, ёсць меркаванне, што “велічыня” гэтай “вялікай колькасці” ў вачах аўтара артыкула значна перабольшана.
   
    З павагай Максім Фоміч
У Кодэксе кананічнага права чытаем, што “Касцёл настойліва рэкамендуе захоўваць набожны звычай хавання цел памерлых. Аднак ён не забараняе крэмацыю, калі яна не была абрана па прычынах, якія супярэчаць хрысціянскаму вучэнню” (кан. 1176 §3). З прыведзенага вышэй тэксту вынікае, што Каталіцкі Касцёл не выступае супраць крэмацыі, хаця ўсё яшчэ аддае перавагу пахаванню цел. Гэта звязана з праўдай пра ўваскрасенне Езуса Хрыста, якое з’яўляецца цэнтрам хрысціянскай веры.
   
    Рэдакцыя