Як спадабацца свекрыві, каб не было хатняй “вайны”?

Дапамагчы добрай радай

Кс. Павел Салабуда,     псіхолагАдны з найскладанейшых адносін у сям’і – адносіны нявесткі і свекрыві. Як пазбегнуць канфліктаў?
Напэўна, самыя складаныя адносіны ў сям’і – гэта адносіны нявесткі і свекрыві. Як да гэтага даходзіць? Часцей за ўсё, не маючы дрэнных думак, нявестка скардзіцца маме на мужа альбо мужу – на маму. Канфлікты могуць тычыцца ўсяго: пачынаючы ад неналежнага вядзення хатніх спраў, няправільнага выхавання дзіцяці, няздольнасці кантраляваць свае эмоцыі, ажно да простай барацьбы за сына/мужа.
Безумоўна, кожнаму хлопцу неабходна маці, але не кожны памятае, што надыходзіць час пакінуць родны дом і заснаваць новы.
    Важна своечасова скарыстаць момант, калі “маленькі сынок” становіцца дарослым мужчынам і гатовы цалкам прысвяціць сябе сваёй, новай сям’і. Хоць і бываюць выпадкі, калі нявестка і свякроў застаюцца ў цеснай блізкасці, але часцей здараецца так, што на нейкі час канфлікт усё ж узнікае.
    Што варта зрабіць альбо пра што падумаць, каб нявестка і свякроў не пачалі чарговую хатнюю “вайну”?
   
    1. Канфлікт заўсёды застаецца канфліктам, таму немагчыма пастаянна пазбягаць выяснення яго прычын. Словы накшталт “нічога не здарылася” альбо “жанчыны з часам самі разбяруцца” не прывядуць да кампрамісу. Варта сесці і пагаварыць.
    2. Члены падобнага сямейнага трохвугольніка мусяць нанова навучыцца правільным зносінам. Напрыклад, свякроў не павінна выказваць сваё меркаванне як загад, а паспрабаваць падаць яго ў прыязнай форме, як параду альбо просьбу.
    3. Калі ў сям’і ёсць праблема, яна абмяркоўваецца ў прысутнасці ўсіх членаў сям’і. Сын/муж не можа ўвесь час “уцякаць” з дому на працу альбо ў гараж, не жадаючы ўдзельнічаць у размове паміж жанчынамі.
    4. Маладыя людзі мусяць заўсёды памятаць пра павагу да старэйшых, бо ў будучыні ім абавязкова захочацца, каб іх дзеці паважалі іх. Усе павінны пачаць слухаць адзін аднаго.
    5. Кожны член сям’і мусіць прыгадаць сваю ролю ў сям’і і абавязкі, звязаныя з гэтай роляй.
    6. Маладая сям’я павінна самастойна прымаць рашэнні і несці за іх адказнасць, але ў моманты сумненняў заўсёды памятаць, што можна папрасіць парады ў старэйшых, усведамляючы, што ніхто не хоча насільна паказваць сваё меркаванне.
   
    Такім чынам, кароткае падсумаванне. Маці згаджаецца, што яе сын ужо мужчына/муж, сын трымаецца сваёй жонкі і сваёй маладой сям’і, жонка вучыцца паважаць свякроў. І тады сямейнае жыццё будзе працаваць у добрай атмасферы.
    На завяршэнне мне хацелася б прывесці фрагмент са Святога Пісання з Кнігі Быцця, і гэта, напэўна, будзе лепшым рашэннем, каб не прыйсці да канфлікту: “Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці сваю і прылепіцца да жонкі сваёй, і стануць яны адным целам” (Быц 2, 24).