Распазнаванне: шлях да свабоды

З Богам праз штодзённасць

Зыходнай кропкай для нашага вандравання з Богам праз штодзённасць (у адпаведнасці з назвай рубрыкі) з’яўлялася тэма тугі і прагнення чалавечага сэрца, якое шукае Бога. З наталеннем гэтай смагі былі звязаны разважанні аб розных формах малітвы, паглыбленне ў адметнасці духоўнага досведу некаторых вялікіх святых. Аднак эпітэты, якія звычайна дадаюцца да постацей святых, каб выказаць сваю павагу і любоў, маюць і адваротны бок: яны аддаляюць ад нашага досведу, узносяць на п’едэстал пашаны і тым самым “прыбіраюць” з вачэй. Прыклады іх духоўнага змагання застаюцца дзівоснымі, нагадваючы высокія ідэалы. Тады як наша духоўнае жыццё выглядае зусім іншым. Выглядае ці насамрэч з’яўляецца? Мы рухаемся ці стаім на месцы? Шукаем Бога ці ўжо знайшлі сабе зручную дыстанцыю да Яго? Што калі Бог выйшаў шукаць і кліча, але мы не пазнаём Яго голас?
Сэрца чалавека (калі пад сэрцам разумець істоту яго асабовасці) неспакойнае, як заўважыў яшчэ св. Аўгусцін у V стагоддзі: “Ты нас стварыў для сябе, і неспакойнае сэрца нашае, пакуль не знойдзе спакой у Табе”. Няма спакою ад думак, надзей, няясных пачуццяў, трывог, жаданняў, страхаў… Адны з іх сапраўды кіруюць да Бога, але іншыя знеахвочваюць увогуле звяртаць на Яго ўвагу. І хоць некаторыя паходзяць ад нас саміх, кожнаму даводзіцца сутыкацца з уплывамі Божага духа і злога духа (“ворага чалавечага роду”), якія, несумненна, маюць супрацьлеглыя мэты адносна людскіх лёсаў. Сэрца ў сваёй глыбіні застанецца таямніцай, непадуладнай нашаму даследаванню. Але гэтыя разнастайныя ўплывы – назавём іх “духоўныя рухі” – маюць пэўныя характэрныя рысы, якія можна навучыцца заўважаць, распазнаваць крыніцу і ісці за натхненнем, якое паходзіць ад Бога.
    На працягу стагоддзяў многія святыя дапамагалі веруючым разумець і адпаведным чынам рэагаваць на тое, што адбываецца ў іх сэрцах. Сярод святых выразна вылучаецца Ігнацый Лаёла (1491–1556), які сфармуляваў правілы распазнавання духаў у сваёй кнізе “Духоўныя практыкаванні”. Яны ўзніклі як плён яго ўласнага досведу, але выкладзены для ўсіх, хто шукае Пана.
    Св. Ігнацыя можна назваць, хутчэй, майстрам сцісласці, чым яснасці. Толькі праз разуменне духа св. Ігнацыя, які прагнуў усё больш пазнаваць Хрыста, усё мацней любіць Яго і ісці за Ім больш аддана, і праз разважнае прачытанне тэксту, можна адкрыць духоўную глыбіню гэтых правіл. Асноўным іх матывам з’яўляецца вызваленне, а менавіта вызваленне чалавека ад прыгнёту расчаравання і падману ў духоўным жыцці. Св. Ігнацый даў незвычайны рэсурс для пераадолення такіх важкіх перашкод на шляху ўзрастання, як разгубленасць, страх, безнадзейнасць і трывожнасць. Цімаці Галагер OMV у сваёй кнізе “Распазнаванне духаў” піша: “Ігнацый заўважыў, што калі мы імкнёмся прыняць Божую любоў і спаўняць Яго волю з усёй праўдзівасцю нашай чалавечай натуры, сустрэнемся з чымсьці варожым гэтаму пошуку; мы сутыкнёмся з ворагам”.
    Варта адзначыць, што ў хрысціянскай традыцыі ёсць распазнаванне не толькі духаў, але і знакаў часу, шляхоў дзейнасці, асабістай і супольнаснай харызмы, паклікання. Гэтыя пошукі аб’ядноўвае жаданне пазнаць Божую волю і адказаць на яе. У невялікім цыкле на працягу некалькіх наступных артыкулаў мы засяродзімся толькі на распазнаванні духаў, разуметым як адрозніванне (што ад Бога, а што не) унутраных рухаў сэрца, і на спосабах рэагавання на іх у штодзённым духоўным вопыце чалавека. Класічны аўтар XVIII стагоддзя па распазнаванні Джавані Батыста Скарамелі SJ пісаў: “Пад «духам» мы разумеем імпульс, рух або ўнутраную схільнасць нашай душы да нечага канкрэтнага”.
   Іншымі словамі, тыя афектыўныя памкненні (радасць, смутак, надзею, страх, спакой і падобныя пачуцці) разам са звязанымі з імі думкамі, якія ўплываюць на нашу духоўную рэчаіснасць і жыццё веры.
    Самі правілы св. Ігнацый найперш прызначыў тым, хто праводзіць рэкалекцыі, г. зн. рэкалекцыяністам, якія павінны растлумачыць сутнасць духоўных практыкаванняў удзельнікам у адпаведнасці з іх унутранымі патрэбамі. Затым, на думку святога, вернік з дапамогай кіраўніка будзе развіваць асабістую здольнасць да прымянення правіл на ўласным досведзе, і гэтая здольнасць застанецца ў яго і пасля заканчэння рэкалекцый.
    Папа Францішак прысвяціў распазнаванню асобны раздзел адгартацыі “Gaudete et exsultate”. “Трэба заўсёды памятаць, што распазнаванне – гэта ласка. Хоць яно ахоплівае розум і разважлівасць, аднак пераўзыходзіць іх, таму што дапамагае заўважыць таямніцы адзінага і непаўторнага плана, які Бог мае для кожнага і які рэалізуецца ў самых разнастайных кантэкстах і межах” (GE, 170).
    Збору правіл св. Ігнацый даў вымоўнае акрэсленне: “Правілы для адчування і разумення ў нейкай ступені розных рухаў, выкліканых у душы; добрых, каб іх прыняць, і благіх, каб іх адкінуць. Гэтыя правілы найлепш адпавядаюць першаму тыдню [Духоўных практыкаванняў]”. Запомнім 3 ключавыя крокі: адчуць, зразумець і дзейнічаць (прыняць або адкінуць). Не толькі крыніцы рухаў маюць значэнне, але і тое, у якіх напрамках яны нас вядуць, таму што мэтай не з’яўляецца распазнаванне само па сабе, але ўсё больш дасканалае і поўнае наследаванне Хрыста ва ўсім.
    Першы тыдзень Духоўных практыкаванняў св. Ігнацый адкрыў невялікім тэкстам пад назвай “Пачатак і аснова” (або “Фундамент”). Яго часам параўноўваюць з палярнай зоркай, якую раней шукалі мараходы, каб упэўніцца ў правільным курсе карабля, асабліва пасля непагадзі. Давяраючы мудрасці святога, разгортванне тэмы распазнавання мы таксама распачнём гэтым тэкстам, які прапануе паразважаць пра сябе і створаны свет, мэту і сродкі, Божы план, падрыхтаваны для нас.
   
    Пачатак і аснова.
    “Чалавек створаны, каб хваліць Бога, нашага Пана, шанаваць Яго і служыць Яму, і праз гэта збавіць сваю душу. Усё іншае на зямлі створана дзеля чалавека, каб дапамагчы яму дасягнуць мэты, для якой створаны. Адсюль вынікае, што чалавек павінен у той меры карыстацца ўсім створаным, у якой яно дапамагае яму ў дасягненні мэты, і ў той меры павінен пазбывацца яго, у якой яно ў дасягненні мэты яму перашкаджае. Таму нам трэба стаць бясстраснымі да ўсяго створанага, у чым толькі тое дазволена нашай свободнай волі і не забаронена ёй; каб не жадалі больш здароўя, чым хваробы, багацця, чым беднасці, павагі, чым пагарды, доўгага жыцця, чым кароткага, і падобным чынам ва ўсім астатнім жадалі і выбіралі толькі тое, што найлепш вядзе да мэты, для якой мы створаны”.