Ніколі не заблукае той, хто размаўляе з Богам

На службе Богу

С. Элігія з абразом св. Міхала Арханёла – падарункам ад ксяндзоў міхалітаў

Сёння сваю гісторыю распавядае сястра Элігія з Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці.
Я была дзіцём за пакуту
    “Падчас місій мой бацька пайшоў да сакраманту споведзі і атрымаў незвычайную пакуту, каб у нашай сям’і нарадзілася яшчэ адно дзіця. Так я і прыйшла на свет”, – расказвае сястра Элігія.
    У 1960 годзе недалёка ад польскай граніцы, у горадзе Бяла-Падляска, у сям’і працоўных Яна і Ганны нарадзілася трэцяе дзіця, дзяўчынка. Сама яна жартаўліва называла сябе знаходкай, бо мела нашмат старэйшых сястру і брата.
    Маці была праваслаўнай, але на шлюбе перайшла на каталіцкую веру. Была вельмі ўдзячная свайму мужу за штодзённы прыклад сапраўднага католіка. Ён быў добрым сужэнцам і татам для іх дзяцей.
    “Я ніколі не чула, каб бацькі сварыліся ці нават размаўлялі адзін з адным на павышаных танах. Калі я была ўжо дарослая, маці ўспамінала, што час ад часу яны з татам мелі нейкія непаразуменні, але перад дзецьмі нічога не вырашалі. У хаце панавалі супакой і ўзаемапавага”.

    Марыла трапіць у Чанстахову
    “З дзяцінства я вельмі любіла Маці Божую Чанстахоўскую. Размаўляла з Ёю, але нікому пра гэта не казала. Толькі Яна ведала ўсе таямніцы майго сэрца. Гэта была душа маёй душы! Памятаю, я марыла трапіць на Ясную Гару і запаліць там аліўныя свечкі...”.
    Такія глыбокія памкненні дзяўчынка перажывала ў пачатковай школе. Праз малітву і жывыя спатканні з Маці Божай яе духоўнае жыццё развівалася. “Я заўсёды кажу, што мала бачыць аблічча Езуса і Марыі на абразах. Трэба размаўляць з Імі як з найлепшымі сябрамі, якія знаходзяцца побач з намі. І тады чалавек ніколі не заблукае, не пойдзе няправільнай дарогай”.
    У юнацтве дзяўчына мела сяброў, блізкіх сэрцу людзей. Але ўнутраны голас далікатна казаў, што ў яе іншы шлях.
    Пасля агульнаадукацыйнай школы дзяўчына сабралася ў манастыр. Аднак брат папрасіў сястру на нейкі час застацца дома і дапамагчы бацькам па гаспадарцы. На свой дваццаты дзень нараджэння, 17 студзеня 1980 года, дзяўчына ўступіла ў манастыр.
    “Расцэньваю гэта як запрашэнне, на якое адказала згодай”.
   
    Я была першай
    З роднай парафіі сястры Элігіі яшчэ не было ніводнай манахіні – дзяўчына стала першай. Адразу пачала маліцца ў інтэнцыі вернасці пакліканню: каб ніколі не пакінуць манастыр. І была самай шчаслівай.
    Пасля двух тыдняў пастуляту настаяцельніца адправіла яе ў Каледж дашкольнага выхавання. Пасля атрымання дыплому сястра на працягу 12 гадоў працавала з дзецьмі-інвалідамі ў адным са старэйшых гарадоў Польшчы – Калішы. Апроч таго, працавала ў закрытым Школьна-выхаваўчым цэнтры для дзяўчат у Кракаве. А ў 1987 годзе ў Валендаве каля Варшавы сястра Элігія склала вечныя шлюбы.
    “Калі настаяцельніца дала мне імя Элігія, я нават не адразу яго запомніла (усміхаецца – заўв. аўт.). Праз час даведалася, што маім заступнікам з’яўляецца святы Элігій, які спачатку быў каралеўскім ювелірам і майстрам манетнага двара, а потым усё кінуў і пайшоў у манастыр”.
   
    Маё сэрца тут, у Беларусі
    Сястра Элігія прыехала ў Беларусь у 1992 годзе па запрашэнні пробашча парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Шылавічах.
    “Калісьці тут яшчэ нічога не было: гліна і балота па костку. Касцёл толькі-толькі пачалі аднаўляць. Мы з трыма сёстрамі жылі ў людзей, ксёндз – у закрыстыі. Працавалі разам з пробашчам і парафіянамі”.
    Генеральная настаяцельніца адпраўляла сястру ў Шылавічы на месяц, але ён, як бачна, расцягнуўся аж да гэтай пары. Большую частку свайго жыцця сястра Элігія правяла тут, у Гродзенскай дыяцэзіі.
    “Не часта бываю ў Польшчы: езджу наведваць родных. Але ненадоўга, бо цягне назад. Кажу шчыра, нават не ўяўляла, што так палюблю гэтую краіну. Аднак сэрца маё ўжо тут, у Беларусі…”.