Будаванне супольнасцi праз супрацоўніцтва

Актуальна - Інтэрв'ю

Кс. Яўген Учкуроніс з парафіянамі падчас урачыстасці Спаслання Святога Духа

Людзі, а не сцены будынка, у першую чаргу з’яўляюцца парафіяй. Супольнасць ствараюць асобы. Так адбываецца, калі мы з’яўляемся не толькі атрымальнікамі, але і ўдзельнікамі.
Аб узаемадзеянні пробашча і касцёльнага камітэта мы пагаварылі з пробашчам парафіі св. Яна Паўла ІІ у Смаргоні кс. Яўгенам Учкуронісам.
– Кс. Яўген, як у Вашай парафіі пабудавана супрацоўніцтва паміж святаром і касцёльным камітэтам? Гэта фармальнае фарміраванне?
    – Нічога звышнатуральнага няма. Згодна з правам кананічным, у Статуце кожнай супольнасці павінен быць прапісаны орган кіравання – парафіяльны камітэт, альбо лепш назваць Рада.
    У нашу Раду ўваходзіць 15 чалавек. Сярод іх ёсць і старшыня, і скарбнік, і рэвізійная камісія, да абавязкаў якой належыць, між іншым, правядзенне інвентарызацыі, запіс набытых рэчаў у гэты пералік. Ёсць яшчэ адказны за пытанні літургічнага характару, за арганізацыю паездак, і асоба, якая займаецца парафіяльнай картатэкай. Калі б усё было фармальна, то навошта гэта рабіць, з якой мэтай?
    Зразумела, што ёсць біскупам вызначаны святар, які адказвае за ўсю парафію, за душпастырства. Важна адзначыць, гаворачы аб нейкай структуры, што заданне Езуса Хрыста ісці і навучаць усе народы (параўн. Мц 28, 19) застаецца нязменным і для кожнага святара павінна быць прыярытэтным. Я спадзяюся, што так і ёсць. У гэтым сэнс.
    Душпастырская дзейнасць, арганізацыя духоўнага жыцця – гэта аснова асноў. Яна заўсёды была для мяне на першым месцы, дзе б я ні быў. Нават не важна, што касцёл будуецца і забірае шмат часу ў святара. Калі ў парафію прыязджаю, то першае, што арганізую, – г. зв. “духоўнае кармленне”, не ад адной акцыі да другой, а сістэматычна. Сюды адносіцца перадусім арганізацыя катэхезы, падрыхтоўкі да вянчання, хрышчэння, да сакрамантаў для дарослых. Для мяне вельмі важна, каб сталыя людзі таксама вывучалі Біблію і Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, таму ёсць біблейская група, ёсць моладзевая група, а таксама ўсе астатнія духоўныя суполкі, як і ў іншых парафіях. У Статуце агульна прапісана, што парафія пад кіраваннем пробашча, назначанага біскупам, арганізуе дзейнасць, накіраваную на распаўсюджванне каталіцкага веравызнання і духоўнае ўмацаванне парафіян.
    Ужо пасля неабходна склікаць структуры, якія ясна рэгламентуюцца пэўнымі пунктамі, для таго, каб было камфортна даносіць узгаданыя духоўныя каштоўнасці.
    У кантэксце гэтага парафіяльны камітэт для майго служэння ў парафіі вельмі важны, у тым ліку як дарадчыкі, якія дапамагаюць прымаць рашэнні.
   
    – Якая іх роля?
    – З невялікай групай на чале са старшынёй Рады мы бачымся нават некалькі разоў на тыдзень. Кожны дзень абмяркоўваем пытанні, якія датычаць будаўніцтва касцёла: напрыклад, дакументы падпісаць, закупіць будаўнічыя матэрыялы...
    Поўны склад Рады некалькі разоў на год збіраецца. Звычайна перад Раством, Вялікаднем, перад такімі падзеямі, як Першая св. Камунія, канфірмацыя, а таксама перад нашым парафіяльным святам, 22 кастрычніка. Абмяркоўваем арганізацыйныя моманты і абавязкі, якія ёсць амаль у кожнага з нас: хтосьці адказвае за працэсію, за падрыхтоўку ўсяго неабходнага да ўрачыстай літургіі, хтосьці – за пачастунак для гасцей.
    Акрамя гэтага, у Рады ёсць абавязак калегіяльнага абмеркавання розных момантаў. Адным з іх быў удзел парафіян у будаванні касцёла. Лічу, што такія пытанні трэба вырашаць менавіта калегіяльна, таму што ўзвядзенне святыні з’яўляецца нашым сумесным заданнем. Пасля дыскусій і выказвання сваіх меркаванняў Рада прыняла рашэнне, а я агучыў яго падчас парафіяльных аб’яў на нядзельнай св. Імшы. Таксама мы раіліся пры ўсталяванні поручняў у нашую капліцу.
   
    – Як Вы вырашаеце спрэчныя моманты, калі яны ўзнікаюць?
    – Калегіяльным спосабам. Звычайна канфліктных, вельмі спрэчных пытанняў не было. Думаю, прычына таксама ў тым, што ўсе мы веруючыя людзі. Мы молімся разам на пачатку сходу і пасля, каб Святы Дух напоўніў нас разуменнем, мудрасцю. Розныя бываюць бачанні. Пасля агучвання аргументаў аднаго, другога, трэцяга боку мы прымаем рашэнне. Дыскусійныя моманты дагэтуль заўсёды вырашаліся абсалютна спакойна, без усялякіх крыўд, што кагосьці не паслухалі. Такога дакладна не памятаю.
   
    – Зыходзячы з такога супрацоўніцтва, якія плюсы Вы бачыце і для сябе, і для парафіян, удзельнікаў камітэту і не толькі?
    – Плюс для святара такі, што ён можа больш рэзультатыўна духоўную дзейнасць весці. Таксама гэта важна для самой супольнасці. Калі казаць пра парафіяльны камітэт, то ён адчувае адказнасць за парафію. Неяк падчас сходу я агучыў думку, што нам неабходна так арганізаваць парафію, каб у момант, калі пробашча не стане (па розных прычынах), парафія нейкі час магла самастойна функцыянаваць. Пакуль біскуп не вырашыць, што і як далей, нейкі кароткі час супольнасць застанецца пад пэўнай апекай Рады, якая будзе клапаціцца, напрыклад, аб падрыхтоўцы ўсяго неабходнага для літургіі для святара, які будзе прыязджаць на замену.
    Калі ісці далей у разважаннях, чалавек, які пасля не будзе ўваходзіць у Раду, захавае адказнасць за сваю парафію. Дзе б такі парафіянін не апынуўся, ён будзе разумець, што можа ўнесці свой уклад у арганізацыю парафіі. Ён не будзе баяцца падысці і сказаць: “Я магу чымсьці дапамагчы”.
    Таксама парафіяне, якія бачаць функцыянаванне Рады, вучацца, становяцца больш адказнымі за сваю парафію. Яны ў поўнай меры ўсведамляюць, што “парафія – гэта мы”, што не толькі пробашч ці Рада з’яўляюцца важнымі, а астатнія толькі “захажане”. З гэтага таксама складаецца паняцце салідарнасці хрысціянскай.
    Падзялюся яшчэ гісторыяй знаёмага, які жыў у Казахстане. Ён казаў, што ў яго парафіі, дзякуючы актыўнай дапамозе з-за мяжы, вельмі хутка ўзвялі касцёл. Аднак пасля было такое пачуццё, быццам святыню ім падарылі, быццам яна не іхняя. Не адчувалася адказнасць. І калі надышоў час рамантаваць касцёл, было вельмі цяжка актывізаваць вернікаў, пераканаць, што гэта “наша”, што супольнасць павінна разлічваць найперш на сябе.
    То-бок, у перспектыве падобная арганізацыя парафіі паказала свае вялікія мінусы. Чалавек не адчуваў сябе адзіным цэлым з супольнасцю і меў такі падыход: ёсць святар, яго касцёл, ён памаліўся, нас блаславіў, мы пайшлі, а ён хай далей сам усё ладзіць паводле свайго бачання.
   
    – Кс. Яўген, а як святару даверыцца парафіянам, як навучыцца дэлегаваць?
    – Гэта ўсё адбываецца праз памылкі. Калі ў кагосьці з нас нешта не атрымаецца, наступным разам мы зробім працу над памылкамі. Назіраю, што за тры гады – хвала Богу! – мы ідэальна размеркавалі функцыі ў нашай Радзе. Цяпер, калі трэба нешта арганізаваць, я бачу, што, напрыклад, у гэтага чалавека добра атрымаецца зладзіць паездку, у іншага – прывезці піламатэрыялы. Гэта вынікае з выканання нейкіх раней дэлегаваных пытанняў ці просьбаў. Можа, нават лепш казаць не пра делегаванне, а што хтосьці адгукнуўся на маю просьбу і добра справіўся.
   
    – Адкуль Вы бралі прыклад такого ўзаемадзеяння, ідэі размеркавання абавязкаў, дзе натхняліся?
    – Больш за ўсё такіх прыкладаў у мяне было ў перыяд служэння ў Аўстрыі, куды я езджу з 2010 года. Падобныя выезды называюцца “летняй дапамогай” мясцоваму святару, які едзе ў водпуск. Падчас іх я змог унікнуць ва ўнутраную структуру функцыянавання парафіі праз размеркаванне нейкіх функцый, абавязкаў, і мне гэта вельмі спадабалася.
    Трэба сказаць, што там парафіяльны камітэт больш удзельнічае ў арганізацыйных пытаннях. Напрыклад, падчас першых паездак маё прабыванне ў Аўстрыі ладзіў не святар. Ён мяне толькі прывітаў, паказаў касцёл, распавёў яго гісторыю, пазнаёміў з гісторыяй мясцовасці (гэта быў Франкенбург-ам-Хаусрук) і сказаў, што ўсё астатняе арганізуе “вось гэты” чалавек з Рады.
    Я першы раз быў здзіўлены.
    Як выглядала “ксяндзовая сфера”? У парафіяльным доме знаходзілася тры кабінеты: для святара, памочніка і сакратаркі, якая працавала кожны дзень. Раніцай я прыходзіў ў касцёл – да літургіі ўсё было падрыхтавана (у асноўным, жанчына бывае адказнай за літургію). Арганіст перад службай толькі паказваў мне на зацвярджэнне план песень, якія будзе выконваць: згодзен я ці трэба ўнесці карэкціроўкі. Таму святар там прыходзіць за паўгадзіны да літургіі. Пасля св. Імшы я ішоў на падрыхтаваны сняданак, далей прыходзіла сакратарка і знаёміла з пытаннямі, з якімі звярталіся парафіяне. Напрыклад, адна жанчына папрасіла блаславіць новыя заручальныя пярсцёнкі, бо адзін згубілі і вырашылі два новыя зрабіць. І усё распісана па часе: св. Імша а 7-ай, сняданак а 8-ай, а палове 9-ай я ўжо бласлаўляў пярсцёнкі ў кабінеце пробашча. Затым сакратарка клала мне на стол план: вось тут і тут просяць пагутарыць, а там паехаць на сумеснае святкаванне юбілею. Калі я першы раз меў такі досвед, то здзіўляўся: няўжо можна арганізаваць усё на такім узроўні? Функцыянуе там усё ідэальна, на маю думку.
    Цяпер я езджу – за выключэннем апошніх двух гадоў – у супольнасць Мольн, таксама ў Аўстрыі. Там ужо ведаю ўсё функцыянаванне парафіі. Пробашч спакойна з’язджае, нават да майго прыезду. Вітае мяне ўдзельнік Рады, перадае ключы ад парафіяльнага дома. Мясцовая сакратарка, таксама з Рады, прыходзіць на некалькі гадзін у дзень і распісвае цэлы план дня святара і план тыдня. Больш за тое, яна нават распісвае інтэнцыі св. Імшы на тыдзень, з якімі прыходзяць парафіяне. Таксама Рада чытае ўсе аб’явы: якія рашэнні былі прыняты і ўзгоднены з пробашчам, якія падзеі чакаюцца. У Раду ўваходзяць валанцёры, але сакратарка аплочваецца парафіяй, бо гэта для яе пастаянная праца.
   
    – Кс. Яўген, што з убачанага Вы яшчэ б хацелі ўкараніць у сябе ці бачыць у Беларусі?
    – Над гэтым пытаннем я думаў. Ведаеце, было б добра, каб у нашых парафіях быў чалавек, які б дапамагаў святару арганізаваць тыдзень працы, служэнне ў парафіі. Як сакратар у супольнасцях, якія я наведваю. І каб можна было прапанаваць яму аплату годную. Акрамя гэтага, думаю, варта ўмацоўваць і развіваць тое, што ўжо існуе, укараняць больш актыўны ўдзел Рады і парафіян у жыцці супольнасці. На такую перспектыву трэба працаваць.
    Лічу, што гэта было б вялікай дапамогай для святара. Нават такія простыя пытанні, як парафіяльная картатэка. Ксёндз не можа фізічна сядзець і некалькі тысяч картачак прыводзіць у парадак, сістэматызаваць. У закрыстыі ў нас ёсць два сталы: за адным пробашч сядзіць, за другім або вікарый, або хтосьці з Рады. Таксама ёсць асоба, якая можа дапамагчы выпісаць пасведчанне аб хросце.