Варта ведаць (47)

Варта ведаць

•  У Злучаных Штатах у бліжэйшыя месяцы святарскія пасвячэнні прымуць 595 новапрэзбітараў, што на 25% больш, чым у мінулым годзе. Бп Майкл Барбідж, адказны за пакліканні ў амерыканскім епіскапаце, заўважае, што гэтыя даныя пацвярджаюць сталую тэндэнцыю росту. Нягледзячы на тое, што ўсё яшчэ не хапае духавенства, колькасць пакліканняў павольна але стабільна ўзрастае.
   
    У Галандыі католікі не згаджаюцца на закрыццё касцёлаў. 12 тысяч чалавек падпісаліся пад петыцыяй да кард. Вілема Эйка супраць ліквідацыі большасці мясцовых парафій. Кард. Эйк як старшыня епіскапата ўзняў гэтую праблему ў пасланні на Вялікі пост. У ім ён рыхтуе вернікаў да ўспрымання Касцёла без касцёлаў, у сувязі з тым, што часта ў некаторых парафіях не ўдаецца ўжо ўтрымліваць святыню. Аказваецца, што гэтая навіна выклікала вялікі перапалох і хаця б часткова ўсвядоміла вернікам іх адказнасць за ўтрыманне касцёлаў.

    Амерыканскі даследчы цэнтр “Pew Research Center” падае, што калі ў свеце захаваецца сённяшняя тэндэнцыя, то ў 2050 г. 29% жыхароў зямнога шара будуць вызнаўцамі хрысціянства. Колькасць вызнаўцаў ісламу ўзрасце з 23% да 29%, вызнаўцаў будызму паменшыцца з 7% да 5%, колькасць індуістаў застанецца на тым жа ўзроўні (каля 15%), а тых, хто не адносіць сябе ні да якой рэлігіі, паменшыцца з 16% да 13%.
   
    Паводле інфармацыі французскага радыё VM і La Vie, у Францыі праз 30 гадоў працэнт католікаў не будзе перавышаць 36,9% ад агульнай колькасці жыхароў краіны. На сённяшні дзень кожны другі з трох французаў ахрышчаны ў каталіцкім Касцёле. Сярэдні ўзрост католікаў у гэтай краіне складае 45 гадоў, але ў 2045 ён будзе складаць 54 гады. Паводле апошніх даследаванняў, колькасць ахрышчаных католікаў у 10 разоў перавышае колькасць практыкуючых.
   
    У Рыме, падобна як і ў мінулым годзе, 300 бяздомных атрымалі ад папы Францішка ў Вялікую пятніцу велікодны падарунак. Як падаюць італьянскія СМІ, у падарунак увайшлі: ліст з пажаданнямі, партрэт Папы і 50 еўра. Падарункі ад імя Папы раздавалі адказны за міласціну абп Конрад Краеўскі і кіраўнік яго бюро кс. Дыега Джавані Равэлі. Гэтая падзея мела месца, калі папа Францішак узначальваў Крыжовы шлях у рымскім Калізеі.
   
    У дыяцэзіі Быдгашч (Польшча) у Вялікі чацвер была распачата акцыя “Усынаві ксяндза”, у якой удзельнічаюць маладыя людзі, што рыхтуюцца да СДМ у Кракаве. Мэтай акцыі з’яўляецца малітва за кожнага святара, які служыць у гэтай дыяцэзіі. Усе святары знаходзяцца ў спіску на адной з інтэрнэт-старонак, дзе можна здзейсніць гэтае “ўсынаўленне”. Кожны, хто далучыцца да акцыі, бярэ на сябе абавязак штодзённай малітвы ажно да заканчэння Сусветных дзён моладзі ў Кракаве.

Ватыканскае радыё; Gosc.pl; katolik.ru; ekai.pl; sedmitza.ru