З каталіцкага друку (125)

Прэса

„Вялікае пакаянне”
на Яснай Гары


   Пад такім дэвізам 15 кастрычніка ў Чанстахове адбудзецца малітва адкуплення за грахі польскага народу.
Грамадзяне з розных куткоў дзяржавы прыпадуць да ног Каралевы Польшчы, каб выпрасіць прабачэнне і аздараўленне для сваёй краіны, а таксама разбурыць сцены зла, якія будаваліся ў Айчыне на працягу многіх стагоддзяў. “Сёння мы з’яўляемся сведкамі вялікага граху: людзі ва ўсім свеце і ў нашай краіне адварочваюцца і адыходзяць ад Бога. Таму мы павінны стаць на духоўную барацьбу ў малітве адкуплення і вызвалення. Хочам зрабіць гэта на Яснай Гары, у прысутнасці Той, якая заўсёды нас абараняла і нанесла апошні ўдар д’яблу”, – растлумачыў сэнс “Вялікага пакаяння” кс. Пётр Гляс.

Ролю жанчын у Касцёле
абмеркавалі ў Ватыкане

   
Сустрэча адбылася па ініцыятыве Кангрэгацыі веравучэння ў рамках семінару ў Папскім універсітэце “Урбаніянум”.
Падчас форуму гаворка ішла як пра пакліканне жанчын, так і пра канкрэтныя прыклады іх служэння ў Касцёле. Удзельнікі семінара мелі магчымасць пачуць кранальныя сведчанні аб працы ў душпастырствах, на місіях, у структурах Рымскай курыі і біскупскіх канферэнцый, сферы касцёльнай камунікацыі, экуменічнага і міжрэлігійнага дыялогу, катэхетычнай і дабрачыннай дзейнасці. Быў падкрэслены ўклад жанчын у інтэрпрытацыю Святога Пісання, развіццё тэалогіі, фармацыю святароў. Таксама абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з разуменнем Касцёла як Нявесты і Маці.

Абвешчана тэма
Сусветнага дня СМІ

   
51 Сусветны дзень сродкаў масавай інфармацыі пройдзе 24 студзеня 2017 г. пад дэвізам “«Не бойся, бо Я з табой» (Іс 43, 5). Перадаваць надзею і давер у наш час”.
Гэта адзіны сусветны дзень, устаноўлены ІІ Ватыканскім саборам (у многіх краінах свету ён святкуецца ў нядзелю перад урачыстасцю Спаслання Святога Духа). На гэты дзень ва ўспамін св. Францішка Сальскага – апекуна журналістаў – Пантыфік па традыцыі скіроўвае сваё пасланне.