З каталіцкага друку (26)

Прэса

“Паратунак у споведзі”
    Кс. Генрык Зеліньскі, 11.03.2012
  
    Будучыня нашай цывілізацыі вырашыцца ў канфесіянале, лічыць кс. Генрык Зеліньскі. Аўтар тлумачыць, што ён мае на ўвазе г.зв. заходнюю цывілізацыю, якая вырасла з хрысціянскіх каранёў. Калі сёння ўсё больш людзей адыходзіць ад Касцёла, то прычынай адмовы ад рэлігійнай практыкі практычна ніколі не з’яўляюцца інтэлектуальныя перадумовы. Найчасцей размова ідзе пра канфлікт сумлення, які вынікае з разладу паміж свядомасцю таго, як трэба жыць, і тым, як насамрэч жывецца.
Людзей, якія перажываюць такі канфлікт, мяркуе аўтар, будзе ўсё больш, таму што сучасны свет прапануе ўсё больш спакус. Паўсюдная эротыка, нарастаючая прага ўлады, здабыванне матэрыяльных даброт, прага славы і шмат іншых. Сумленне, змякчанае праз медыі, моду, поспех і мелкасць жыцця, усё часцей знаходзіцца ў абароне.
    Цяжка жыць з паламаным сумленнем, піша кс. Генрык. Асабліва калі да яго дадаць фальшывы вобраз Бога – неміласэрнага, свайго роду суровага суддзі і бухгалтара. Калі не хочацца скончыць з грахоўным жыццём, лёгкім выйсцем падаецца бунт супраць Бога, пошук фактычных ці фіктыўных слабых месцаў Касцёла, нарэшце цынізм і агрэсія. Канфлікт сумлення можа прыводзіць да стрэсаў і дэпрэсійнага стану. А сапраўднае вызваленне ад канфліктаў сумлення адбываецца праз канфесіянал. Хоць спаведнік не заменіць псіхатэрапеўта, але многіх псіхічных праблем можна было б пазбегнуць, калі б чалавек памірыўся з Богам і з людзьмі, дараваў і зведаў прабачэнне, прыняў урэшце здаровую іерархію каштоўнасцей. Таму, сцвярджае кс. Генрык Зеліньскі, дбайнасць у падыходзе да споведзі з’яўляецца сёння найважнейшым спосабам ратавання людзей з канфлікту сумлення і навяртання іх да Бога, пакуль яны не перайшлі на бок ворагаў Касцёла.


“Прызнацца ў любові пасля выхаду з выграбной ямы”
   А. Войцех Зёлэк SJ 03/2012
   
    Сталы аўтар часопіса “W drodze” а. Раман Бялецкі OP размаўляе з а. Войцехам Зёлэкам пра споведзь.
    Часам мы падыходзім у канфесіянал з вельмі важнай для нас споведдзю і чакаем адпаведнага павучання ад святара. А чуем у адказ толькі “Добра” і адразу разграшэнне. Як з гэтым быць? А. Войцех адказвае, што не ўпэўнены, ці заўсёды святары павінны павучаць. Павучанні – гэта не гатовыя схемы. Часам патрэбна сказаць некалькі слоў, а часам дастаткова толькі адпушчэння грахоў. “Важна, каб мы паводзілі сябе ў канфесіянале, як людзі. Такім чынам мы найлепш пераймаем Езуса Хрыста”, які часам казаў павучанне, а часам не.
    Навошта нам увогуле споведзь? “Па-сутнасці, гэта пытанне пра тое, чаму я сам сабе не магу сказаць, што я цудоўны або што вельмі сябе люблю. Кожны ж патрабуе такога прызнання, аднак у гэтым сэнсе мы не самадастатковыя. Каб запрацавала, мы мусім пачуць гэта ад кагосьці іншага, бо жыццё – гэта адносіны. У споведзі размова пра тое ж самае. Прызнацца камусьці ў сваёй подласці і глупстве і пачуць ад яго, што прабачаны”, – кажа а. Войцех. “У споведзі не ідзе размова пра грэх, толькі пра яго прызнанне. І прытым падвойнае – прызнанне грахоў і прызнанне любові. І гэтае прызнанне з’яўляецца прадметам споведзі. Я прызнаюся ў любові да Пана Езуса, а Ён прызнаецца мне”.
    “Споведзь – гэта паказванне Езусу, што мне баліць у гэтым месцы, а яшчэ трошкі ў тым, для таго, каб Ён пацалаваў гэтыя балючыя месцы і каб перастала балець”.