Слова для Жыцця (213)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Мы часта ідзём да Бога толькі тады, калі патрабуем дапамогі. Але Усемагутны бачыць далей і запрашае нас ісці далей, шукаць не толькі Яго дары, але і Яго самога – Пана ўсіх дароў; даверыць Яму не толькі праблемы, але і жыццё. Такім чынам Ён зможа нарэшце даць нам самую вялікую ласку – аддаць сваё жыццё.
    Так, самае галоўнае ў жыцці – зрабіць з яго дар. Гэта тычыцца ўсіх: бацькоў у адносінах да сваіх дзяцей і дзяцей у адносінах да пажылых бацькоў. Тут мне на думку прыходзіць сітуацыя многіх старэйшых людзей, пакінутых у адзіноце сваімі сем’ямі, быццам яны – прабачце, што так скажу, – адходы. Гэта драма сучаснасці: адзінота пажылых, бо жыццё дзяцей і ўнукаў не становіцца дарам для старэйшых. Зрабіць з жыцця дар для тых, хто жыве ў шлюбе, і тых, хто кансэкраваны; гэта актуальна ўсюды, як дома, так і на працы, і распаўсюджваецца на ўсіх вакол нас. Бог хоча, каб мы раслі ў дары: толькі такім чынам станем вялікімі.
Фрагмент прамовы перад малітвай “Анёл Панскі” ў Ватыкане, 29.09.2020


Кс. бп Аляксандр Кашкевіч   Кс. бп Аляксандр Кашкевіч

      Сёлетнія адпустовыя ўрачыстасці ў Тракелях мы перажываем у незвычайных абставінах, у цяжкіх умовах пандэміі, якая напаўняе смуткам і страхам сэрцы людзей ва ўсім свеце. Няма сёння тут тысяч пілігрымаў, якія штогод прыбываюць на сустрэчу з Маці Божай з розных куткоў нашай дыяцэзіі. Няма гасцей з іншых дыяцэзій і замежжа. Няма шматлікіх святароў, сясцёр, радаснай моладзі, якая спявае… У гэтым годзе наш санктуарый здаецца сумным і апусцелым. Аднак я прагну, каб кожнага з тут прысутных, а таксама ўсіх тых, хто яднаецца з намі духоўна, дасягнула сёння з гэтага святога месца пасланне надзеі. Таму на заканчэнне хацеў бы прывесці ўрывак з казання Святога Айца Францішка, якое ён прамовіў у мінулым годзе ў свята Адведзінаў: “Маці Божая ведае, што такое ўзыход, ведае нашы дарогі ўгору: Яна сястра нам у пілігрымаванні. Яна мае досвед у працы, ведае, як узяць нас за руку на калдобінах, калі знаходзімся перад найбольш стромкімі паваротамі жыцця. […] Марыя радуецца, бо нясе Эмануэля, Бога з намі”.
Фрагмент гаміліі, прамоўленай падчас адпустовай св. Імшы ў Тракелях, 02.07.2020