Слова для Жыцця (212)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Езус – гэта мост, пантыфекс, памост паміж намі і Айцом. Езус паказвае Айцу свае раны, якія з’яўляюцца цаной нашага збаўлення. Майсей – гэта вобраз Езуса – заступніка, які моліцца за нас, просіць за нас.
    Майсей пабуджае маліцца з такім жа запалам, што і Езус, каб заступаліся за свет, памяталі, што, нягледзячы на ўсе свае слабасці, ён усё роўна належыць Богу. Усе належаць Богу: закаранелыя грэшнікі, самыя дрэнныя людзі, найбольш карумпіраваныя кіраўнікі з’яўляюцца Божымі дзецьмі, і Езус адчувае гэта і просіць за ўсіх. А свет жыве і развіваецца дзякуючы бласлаўленню праведніка, дзякуючы набожнай малітве, якую святы, справядлівы, заступнік, святар, біскуп, папа, свецкі чалавек, кожны ахрышчаны пастаянна ўзносіць за людзей, у кожным месцы і ў кожны перыяд гісторыі.
    Падумаем пра Майсея заступніка і калі ў нас з’явіцца жаданне кагосьці асудзіць, калі злуемся ўнутры. Раззлаванне робіць нам дабро, ёсць штосьці збаўчае ў гэтым, але асуджэнне не робіць дабра... Калі злуешся, што мусіш зрабіць? Ідзі, прасі за таго чалавека. Гэта нам вельмі дапаможа.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 17.06.2020


Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч   Кс. абп Тадэвуш Кандрусевіч

      Штодзённа мы перажываем шмат цяжкасцей і клопатаў. Езус прапануе вырашэнне ўсіх нашых праблем праз любоў да бліжняга, што з’яўляецца знакам любові да Бога. А любоў да Бога – гэта жыццё паводле Яго закону, павага да кожнага чалавека, дыялог у імя дабра ўсяго грамадства.
    Мы розныя, што натуральна, і таму маем розныя меркаванні адносна тых самых праблем і пытанняў. І ў сям’і ўсе розныя; але гэта адна сям’я, і ўсе клапоцяцца адно пра аднаго, пра супольнае дабро. Так і ў грамадстве: мы, перш за ўсё, павінны кіравацца агульным дабром грамадства, а не толькі прасоўваннем свайго іміджу.
    Таму ў гэты складаны і нават неспакойны час нашай гісторыі, напярэдадні выбараў, усім палітычным і грамадскім сілам неабходна, у першую чаргу, думаць пра агульнае дабро грамадства і супольную будучыню, каб яна будавалася, перадусім, на ўзаемапавазе і любові да бліжняга, а складаныя пытанні вырашаліся шляхам узаемнага дыялогу.
Фрагмент гаміліі, прамоўленай у катэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, 19.06.2020