Езус не запрашае нас да абстрактнай, незямной або тэарэтычнай любові – Ён прапануе шлях, які сам пераадолеў першым, шлях, які прывёў Яго да любові ў дачыненні да тых, хто Яму здрадзіў, хто несправядліва Яго судзіў, хто забіў Яго. “Любіце ворагаў вашых” (Лк 6, 27) – гэта мандат, разлічаны на актыўную добразычлівасць, бескарыслівую і надзвычайную ў адносінах да тых, хто нас параніў.
Такім запрашэннем Езус, далёкі ад таго, каб быць упартым мазахістам, жадае назаўсёды спыніць надзвычай распаўсюджаную – як учора, так і сёння – практыку: быць хрысціянамі і жыць паводле закону адплаты. Немагчыма планаваць будучыню, будаваць нацыю, грамадства, заснаваныя на “роўнасці насілля”. Не магу ісці за Езусам, калі пашыраю і жыву па прынцыпе “вока за вока, зуб за зуб”.
“Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце” (Лк 6, 31), што падразумявае ўзаемную любоў і дапамогу, без разліку на атрыманне нечага ўзамен. Гаворка ідзе пра паводзіны, характэрныя моцным, а не слабым; паводзіны людзей, якія ўсведамляюць, што неабавязкова дрэнна абыходзіцца з іншымі, няславіць ці прыгнятаць, каб адчуваць сваю важнасць, хутчэй наадварот. І ў такіх паводзінах – прароцкая моц, якой нас навучыў сам Езус Хрыстус, [...] паказаўшы, што правільны шлях – гэта служэнне.
Фрагмент гаміліі падчас св. Імшы ў Мапуту (Мазамбік), 06.09.2019 †