Слова для Жыцця (179)

Слова для Жыцця

papiez franciszek 2019Папа Францішак
   Згодна з Божай задумай, чалавечыя зносіны з’яўляюцца важным інструментам жыцця ў супольнасці. Чалавек, створаны па вобразе і падабенстве Усемагутнага, здольны выражаць і дзяліцца тым, што сапраўднае, добрае, прыгожае. Здольны расказаць аб сваім досведзе, будуючы такім чынам памяць і разуменне падзей. Аднак, калі ён імкнецца за сваім пыхлівым эгаізмам, можа скажона выкарыстоўваць здольнасці камунікацыі, як гэта паказваюць з самага пачатку біблійныя падзеі Каіна і Авеля, а таксама Вавілонскай вежы (параўн.: Быц 4, 1–16; 11, 1–9). Скажэнне праўды з’яўляецца тыповым праяўленнем гэтай дэфармацыі, як на індывідуальным узроўні, так і на калектыўным. А захоўваючы вернасць логіцы Бога, камунікацыя становіцца пляцоўкай выражэння ўласнай адказнасці ў шуканні праўды і будаванні дабра.
Сёння, у сітуацыі ўсё больш хуткай камуніацыі і ў межах лічбавай сістэмы мы з’яўляемся сведкамі з’явы т. зв. “фальшывых навін”. [...] Найлепшы антыдот ад фальшы – не стратэгіі, а вольныя ад прагнасці людзі, гатовыя выслухаць, якія праз цяжкасці шчырага дыялогу дазваляюць праўдзе ўбачыць свет; асобы, кіруемыя дабром, якія бяруць на сябе адказнасць за ўжыванне мовы. Калі выхадам з распаўсюджвання дэзінфармацыі з’яўляецца адказнасць, то асабліва зацікаўленым павінен быць той, хто паводле сваёй прафесіі нясе адказнасць за інфармацыю, г. зн. журналіст – ахоўнік звестак.
    У сучасным свеце ён выконвае не толькі працу, але і сапраўдную місію, у поўным значэнні гэтага слова.
    У шаленстве навін і патоку гарачых тэм яго задача – нагадаць, што ў цэнтры навіны знаходзіцца не хуткасць яе трансляцыі і ўплыў на атрымальнікаў, а асоба. Інфармаванне – гэта фарміраванне; яно мае штосьці супольнае з жыццём людзей. Таму праўдзівасць крыніц і ахоўванне камунікацыі з’яўляюцца сапраўднымі працэсамі развіцця дабра, якія нараджаюць давер і адкрываюць дарогі да адзінства і спакою.
    Такім чынам, мне хацелася б заахвоціць да распаўсюджвання журналістыкі спакою. Пад гэтым разумею не “дабрадушную” журналістыку, якая адмаўляе існаванне сур’ёзных праблем і прымае некаторыя непрыемныя адценні. Наадварот, маю на ўвазе журналістыку без крывадушнасці, варожую фальшу, лозунгам для эфектнасці і паказным заяўленням. Журналістыку, якая разумеецца як служэнне ўсім людзям.
    Фрагменты Паслання на 52-гі Сусветны дзень СМІ