Папа Францішак
Езус пакінуў у дар Касцёлу сваю моц аздараўлення: “Тым, хто паверыць, будуць спадарожнічаць такія знакі: […] На хворых будуць ускладаць рукі, і яны выздаравеюць” (Мк 16, 17–18). У Дзеях Апосталаў чытаем апісанне аздараўленняў, здзейсненых Пятром (параўн.: 3, 4–8) і Паўлам (параўн.: 14, 8–11). Адказ на дар Езуса – заданне Касцёла, які ведае, што павінен ахінаць хворых такім жа, як яго Пан, позіркам, поўным пяшчоты і спачування. Душпастырства службы аховы здароўя ёсць і назаўсёды застанецца неабходнай і важнай задачай, якую трэба рэалізаваць з пастаянна новым запалам, пачынаючы з парафіяльных супольнасцей ажно да найлепшых цэнтраў аховы здароўя. Не можам не ўзгадаць пра чуласць і настойлівасць, з якімі многія сем’і апекуюцца сваімі дзецьмі, бацькамі і сваякамі, хранічна хворымі ці з сур’ёзнай інваліднасцю. Апека, аказваемая ў сям’і, з’яўляецца незвычайным сведчаннем любові да чалавечай асобы і павінна акружацца адпаведным прызнаннем і падтрымлівацца адпаведнай палітыкай. Таму ўрачы і медсёстры, святары, кансэкраваныя асобы і валанцёры, члены сем’яў і ўсе, хто займаецца апекай над хворымі, удзельнічаюць у гэтай місіі Касцёла. Маем справу з супольнай адказнасцю, якая ўздымае вартасць штодзённай паслугі кожнага.
Фрагмент паслання Святога Айца на XXVI Сусветны дзень хворых †