Папа Францішак
“Першая частка Евангелля з сённяшняй нядзелі (Лк 21, 5-19) – гэта прамова Пана Езуса аб канцы свету. Езус прамаўляе ў Ерузалеме каля святыні, а штуршком для Яго прамовы становяцца людзі, якія гавораць пра святыню і яе прыгажосць. Тады Езус сказаў: “Прыйдуць дні, калі з таго, што вы тут бачыце, не застанецца каменя на камені” (Лк 21, 6).
Зразумела, што ў Яго пытаюцца, калі гэта адбудзецца і якія будуць знакі. Але Езус нібы перасоўвае адказ з гэтых другасных аспектаў – калі гэта будзе і як гэта будзе – на сапраўдныя праблемы. Па-першае: не дайце сябе падмануць фальшывым месіям і не дазвольце паралізаваць сябе страху. Па-другое: перажывайце час чакання як час сведчання і цярплівасці.
Гэтая прамова Езуса заўсёды актуальная, таксама і для нас, людзей XXI стагоддзя. Ён нам паўтарае: “Глядзіце, каб вас не звялі, бо многія прыйдуць пад імем маім” (Лк. 21, 8). Гэта запрашэнне да распазнавання. Таксама і сёння, бо існуюць фальшывыя “збаўцы”, якія спрабуюць замяняць Езуса: лідары гэтага свету, гуру, людзі, якія хочуць прыцягнуць да сябе сэрцы і розумы асабліва маладых людзей. Езус перасцерагае нас: “Не ідзіце за імі”. Пан дапамагае нам таксама не баяцца войнаў, рэвалюцый, стыхійных бедстваў, эпідэмій. Езус вызваляе нас ад фаталізму і фальшывых апакаліптычных уяўленняў.
17.11.2013 г., “Анёл Панскі”, фрагмент выказвання †