Як падрыхтавацца да нараджэння дзіцяці

На шляху да святасці

Жанчына, якая даведваецца, што чакае дзіця, перапоўнена радасцю і трапяткім хваляваннем. Яе могуць непакоіць пытанні: “Ці стану я добрай маці?”, “Што павінна даць свайму немаўляці, каб выхаваць з яго годнага чалавека?”. Адчуваць некаторае замяшанне нармальна – наперадзе такая адказнасць!
Паклапаціцца пра духоўны імунітэт
    Знаходзячыся ў рэжыме “павышанай заклапочанасці” будучая маці можа зачытвацца выхаваўчай літаратурай, рыхтаваць для дзіцяці прыгожыя рэчы. Некаторыя наведваюць спецыяльныя курсы, бяруць кансультацыі ў сябровак “з вопытам”. І ўсё гэта, вядома, патрэбна. Аднак найважнейшае, што можа зрабіць жанчына ўжо на этапе падрыхтоўкі да сустрэчы з немаўлём, – ахвяраваць сябе і дзіця Богу.
Роўна з тым, як плод ва ўлонні маці мае патрэбу ў пажыўных рэчывах, каб паўнавартасна развівацца, ён мае патрэбу ў іншых вітамінах, духоўных – гэта гарантуе духоўны імунітэт. “У прэнатальным перыядзе жанчына фарміруе не толькі арганізм дзіцяці, але ўскосна поўную яго чалавечнасць”, – сцвярджаў св. Ян Павел ІІ. Такім чынам, будучая маці павінна маліцца за сваё дзіця ў розных інтэнцыях!
    Аб здароўі, добрым фарміраванні і росце, шчаслівым нараджэнні, годным станаўленні і г. д. Жанчыне таксама належыць маліцца за сябе. Цяпер яна з дзіцяткам складае адно цэлае: усё, што адбываецца з ёй, мае ўплыў на маляня.
    Цяжарная жанчына ў любы час можа звярнуцца да святара за спецыяльным бласлаўленнем. Падчас яго Бог дакранаецца да сэрца будучай маці, адорваючы яе багаццем ласк і дабротаў. У Касцёле існуе звычай бласлаўлення цяжарных жанчын. Ён здзяйсняецца ў свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (8 снежня). Такая традыцыя таксама мае месца ў дзень літургічнага ўспаміну святых заступнікаў маці, дзяцей, сем’яў, калі яны асаблівым чынам ушаноўваюцца ў пэўнай парафіі.
    За асабістым бласлаўленнем да Бога жанчына звяртаецца запрашаючы ў сваю душу Езуса Хрыста падчас св. Камуніі. І дзіця атрымлівае яго – ужо ва ўлонні сваёй маці спазнае смак Хрыстовага Цела, Божую прысутнасць.
    Сам стан цяжарнасці вернікі называюць бласлаўлёным. Жанчына лічыцца выбранай Створцам для выношвання і нараджэння на свет новага чалавека. Гэта заўсёды Божая ласка. Гэта заўсёды Божы план, у якім бацькі з’яўляюцца супрацоўнікамі. Іх галоўная задача – прыняць гэты дар. Бацькоўская місія палягае на тым, каб паставіць дзіця на ногі, выхаваць яго, заклаўшы ў свядомасць правільныя каштоўнасці. А далей ён пойдзе сам дарогай паклікання Нябеснага Айца…
   
    Не маляваць ідэалістычныя карціны
    Напэўна, нездарма перыяд цяжарнасці трывае каля 40-ка тыдняў. У жанчыны, якая рыхтуецца стаць маці, маецца час, каб прызвычаіцца да новага статуса, настроіцца на шэраг абавязкаў, якія з яго вынікаюць. Важна не маляваць у галаве ідэалістычныя карціны: завышаныя патрабаванні да сябе непарыўна звязаны з расчараваннямі; ды і дзіця можа быць не такім, як уяўлялася. І да гэтага таксама трэба быць падрыхтаваным.
    “Вобраз ідэальнай мамы перашкаджае атрымліваць асалоду ад мацярынства, бо такая мама ніколі не злуецца, ніколі не хвалюецца, заўсёды гуляе са сваім дзіцём, – заўважае педагог-псіхолаг Вольга Парада. – Да таго, надуманая ідэальнасць блізкая да неўратызму, і акрамя фрустрацыі нічога не прыносіць у жыццё маці. Дасканалых бацькоў не існуе ў прыродзе, гэтаксама, як не можа існаваць дасканалага чалавека. Па словах брытанскага педыятра і дзіцячага псіхааналітыка Дональда Вудса Віннікота, дзіця мае патрэбу ў «дастаткова добрай маме», якая проста побач, клапоціцца аб ім і абараняе. Жанчына здольна адчуваць і разумець сваё дзіця прыкладна на 70 адсоткаў, а 30 застаецца на няведанне, памылкі, асабістую неідэальнасць. Дональд Віннікот прапануе жанчыне на самым пачатку прыняць сваю недасканаласць. Такая ўстаноўка дапамагае быць у кантакце з дзіцём, не марнуючы сваю энергію на стварэнне неіснуючай ідэальнай карціны”.
    Інакш кажучы, галоўнае – каб нованароджаны адчуваў сябе прынятым і любімым. Мама – першы чалавек у гэтым свеце, якога ён бачыць і на якога можа спадзявацца. Усведамленне сваёй выключнасці і важнасці спрыяе таму, што ў любой жанчыны вырастаюць крылы. Больш востра адчуваецца мацярынская інтуіцыя, якая дапамагае знайсці з дзіцём агульную мову, зразумелую толькі ім дваім.
    Не існуе дрэнных мам – існуе страх жанчыны “недалюбіць” сваё дзіця, недадаць яму нешта. Але для кожнага дзіцяці яго мама найлепшая, якой бы яна ні была. І для гэтага не патрабуецца чагосьці надзвычайнага – проста быць.