Пра споведзь, беларускую душу і апельсіны

На шляху да святасці

Сёння я быў у шпіталі. Наведваў хворых. 11 лютага – міжнародны Дзень хворых, таму я вырашыў схадзіць у шпіталь. Наведваць шпіталь у якасці святара для мяне не навіна. Такой практыкі было шмат у Глыбокім. Бягомль жа - іншая справа.
Тут рэдка ўдаецца знайсці перакананага католіка або каталічку. Часцей - праваслаўныя або ніякія. Вельмі часта на пытанне “Дзе Вас хрысцілі?” старэйшыя адказваюць: “Не ведаю”. Але факт хросту не адмаўляюць. У такім шпіталі прыходзіцца тлумачыць усё ад пачатку. І хто такі ксёндз, і што такое касцёл. Як правіла, сыплюцца традыцыйныя пытанні, якія выклікаюць маю ўсмешку: “А чаму Вы без барады? А чаму нежанаты?” Цярпліва тлумачу візуальныя адрозненні паміж ксяндзом і бацюшкам, адбіваюся ад кампліментаў кшталту: але ж і малады, але ж і харошы, дзеўкі, пэўна, гуртом ходзяць. На закід бессямейнасці знайшоў добры аргумент. Запрашаю бабуляў з палаты №3 папрактыкавацца ў матэматыцы. Кажу ім памножыць колькасць пройдзеных дамоў па калядзе, якіх сёлета было сорак, на тры. Атрыманы лік прапаную лічыць маёй вялікай сям’ёй.
Але сённяшні мой візіт не скончыўся ўсяго толькі жартамі і пажаданнямі здароўя. Некалькі чалавек адважыліся на споведзь. Першую ў сваім жыцці споведзь. Успрымаю гэта як Божую ласку таксама і для сябе.
    У размовах са старымі пацыентамі шмат слёз, гора і бяды. Пакінутыя дзецьмі, пакрыўджаныя лёсам (усе зведалі вайну і бальшавіцкі “рай”). Але сёння прымусіла задумацца не толькі гэтае. Яшчэ перад паходам у шпіталь мы з парафіянамі вырашылі, каб пробашч не ішоў з пустымі рукамі. Купілі апельсінаў, ды ўзяў з сабой календары.
    Усе былі вельмі задаволены падарункамі. На маю працягнутую з апельсінам руку адказваў сустрэчны жэст: старая спрацаваная рука цягнулася па кашалёк. “Не!” – кажу гучна, каб вушы старога чалавека – часта пасля інсульту – пачулі. - Не трэба грошай! Гэта проста падарунак! Гэта ад бягомльскіх вернікаў”. Запомніліся твары і незразуменне ў вачах. “Ну хоць вазьміце пяць тысяч на цукеркі”, - кажуць бабулькі. Што гэта? Людзі не ўмеюць прымаць за “так” падарункі? Гэта для іх нязвыкла? Мажліва, калі ўсё жыццё прыходзілася за ўсё плаціць – і плаціць цяжка. А можа, гэта проста шчырая беларуская душа, якая на дабро, зробленае бескарысна, спяшаецца аддзячыць хоць рублём? Трэцяя версія скаланула мяне самога. Не веру ў яе. Але ўсё ж. Можа, тое, што чалавек у чорнай доўгай вопратцы, які бескарысна робіць дабро, не хоча за гэта грошай, не месціцца ў іх светапоглядзе? Святар=грошы – гэта самая страшная роўнасць.
    Прызнаюся, перад паходам у шпіталь спакушалі думкі: “Навошта туды ісці? Там ніхто нават не ведае, што такое святая Камунія. Ты там непатрэбны!” Я вяртаўся адтуль як на крылах. Спазніўся на св. Імшу. Калі ўвайшоў у капліцу, вернікі адгаворвалі ружанец. Больш чым перакананы, што гэта іх малітва натхніла некаторых старэйшых у шпіталі на споведзь.
    Сябры, не забывайце пра хворых, наведайце іх. Калі ўжо няма часу, памаліцеся за іх аб духоўным і фізічным здароўі. Не забывайце, што ў хворых і пакінутых пакутуе сам Езус.