Вялікі пост – гэта грунтоўная праца і дапамога людзям у патрэбе

На шляху да святасці

У працоўнай дзейнасці лічыцца перш за ўсё чалавек, які мае права не толькі на адпаведную зарплату, але - і вырашаць аб занятках, права ўдзельнічаць у стварэнні працы. Яна павінна быць прасторай, дзе асоба можа развіваць сябе, сваю індывідуальнасць, сваё прызванне. Чалавек павінен быць важнейшы, чым праца.
Чалавек з’яўляецца жывым адлюстраваннем Бога ў свеце, а можа - і ў Космасе. Ён можа пазнаваць Творцу і захапляцца Ім. Адначасова цалкам людская істота здзіўляецца свайму ўзвышэнню. Яна ўсклікае з псальмістам: “Чым жа ёсць чалавек?” (Пс 8, 5). Ян Павел II адказаў на гэтае пытанне даволі пераканаўча падчас першай сваёй пілігрымкі ў Польшчу, падкрэсліўшы: “Нельга зразумець чалавека без Хрыста”, таму што таямніца людской істоты была адкрыта толькі ў Хрысце. А Ён, поўнасцю аддадзены Айцу і людзям, быў таксама Чалавекам працы і ўвайшоў у гэтую плынь, дзе Бог – блізкі чалавеку, (пра што мы чыталі ў папярэднім разважанні) пачатак чаму быў пакладзены ўжо ў раі. Чалавек атрымаў там заданне: “каб вы падпарадкавалі сабе зямлю” (Быц 1, 28). А таму рай – гэта не было толькі месца прыемнага адпачынку. З самага пачатку там працавалі.
Напэўна, гэта была асэнсаваная праца, якая прыносіла задавальненне і радасць. Езус, які асабіста ў Назарэце адчуў, што азначае абавязак працаваць, навучае цераз Касцёл і па сённяшні дзень, што ў працоўнай дзейнасці лічыцца перш за ўсё чалавек, які мае права не толькі на адпаведную зарплату, але - і вырашаць аб занятках, права ўдзельнічаць у стварэнні працы. Яна павінна быць прасторай, дзе асоба можа развіваць сябе, сваю індывідуальнасць, сваё прызванне. Чалавек павінен быць важнейшы, чым праца. Таму як абцяжаранне працай звыш чалавечых сілаў, так і дабравольныя высілкі да поўнага знясілення - не да твару людской істоце, якая прызвана не толькі працаваць, але і праслаўляць Бога. З тым злучана неабходнасць адпаведнага адпачынку, аб якім гаворыцца ўжо ў трэцяй Божай запаведзі. Нават у апісанні стварэння свету ў Старым Запавеце акцэнт зроблены на тым, што Бог адпачываў. І адсюль - дзень шабату, а сёння для хрысціянаў нядзеля з’яўляецца днём адпачынку, святым днём.
    Таму ахова працы спалучана з аховай адпачынку, каб сцерагчы годнасць чалавека, які быў падобны на Бога і створаны паводле Яго вобразу.
    Адпачынак мае для хрысціянаў асаблівы характар: неабходнасцю ўдзельнічаць у св. Імшы. Дзякуючы прынятым Целу і Крыві Езуса, мы становімся даслоўна роднымі Яму і адзін аднаму. А таму людзі павінны быць заўжды разам і ніколі не выступаць адзін супраць другога. Святы Павел пісаў: “Насіце цяжары адзін аднаго” (Гал 6, 2).
    Ян Павел II скажа пазней: “Іншы існуе не для таго, каб яго перамагаць. Не можа быць барацьба мацнейшай, чым салідарнасць”. Трэба пазнаваць іншых і супрацоўнічаць з імі. Таму ў адносінах да людзей патрэбна быць не толькі талерантным, але іх прыняць, не толькі прыняць, але і супрацоўнічаць з імі. Неталерантнасць можа быць толькі для граху і халтуры…
    Ніколі нацыянальнасць і веравызнанне не павінны быць перашкодай для супрацоўніцтва ва ўсіх магчымых абласцях.
    Неабходна падтрымліваць адзін аднаго, таму што мы ж бачым, колькі ёсць на свеце вакол нас тых, каму што-небудзь патрэбна. Але трэба таксама бачыць тых, якія пакутуюць з-за празмернай галечы, з-за недаразвіцця і з-за стыхійных бедстваў…
    Балюча дакучае нам нераўнамерны падзел сродкаў, якія неабходны для жыцця кожнага чалавека, і ў гэтай праблеме ні бедныя, ні багатыя не змогуць нічога зрабіць. Часам патрэбна зніжыць узровень сваіх патрабаванняў, каб падтрымаць людзей ў патрэбе не толькі тым, чаго ім не хапае, але і тым, што і мне патрэбна для жыцця. Безумоўна, неабходна рабіць гэта з розумам.
    А Касцёл?
    Касцёл падтрымлівае кожную сістэму, якая турбуецца пра чалавечае дабро.
    “Няхай не робяцца “цвёрдымі” сэрцы, калі вы чуеце крык бедных. Старайцеся пачуць іх заклік аб дапамозе. Імкніцеся так паводзіць сябе і так жыць, каб у нашай Айчыне ўсім быў дах над галавой і кусок хлеба, каб ніхто не адчуваў сябе самотны, астаўлены без апекі” (Элк, 8. VI 99г.). Гэты заклік Яна Паўла II у Элку – вельмі актуальны і сёння для нас. Толькі тады будуць мець сэнс нашыя набажэнствы і асабістыя пакуты і самаахвяраванні, калі кожны з нас заўважыць вакол сябе і ў сваім акружэнні чалавека ў патрэбе і калі кожны з нас захоча яму дапамагчы радасна сустрэць Змёртвыхпаўстанне Пана. А тады гэтая ўрачыстасць і для нас будзе святам пераможнай надзеі, чаго сабе ўсе мы жадаем ад усяго сэрца.
    Вясёлага аллелюя!