Велікодныя віншаванні біскупа Аляксандра Кашкевіча вернікам Гродзенскай дыяцэзіі

Пастырскае Слова

biskup2Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры! Дарагія Вернікі дыяцэзіі!
Кожны год у Велікодную раніцу мы з вялікай надзеяй чакаем тых слоў, якія абвяшчаюць нам вялікую радасць, што Хрыстос сапраўды ўваскрос.
    Хрыстос сярод нас, нягледзячы на тое, што перажываем: радасць ці смутак. Ён заўсёды побач. Таму няхай замест непакою і страху, замест цемры і няўпэўненасці, якія ў апошні час агарнулі наша жыццё, прыйдзе сёння радасная вестка: “Пан уваскрос, Ён з намі”.
Дарагія Браты і Сёстры!
    Так цудоўна склалася, што ўжо праз некалькі дзён мы будзем дзякаваць Пану Богу за 30 гадоў існавання нашай дыяцэзіі. За гэты час адбылося вельмі шмат. З’явіліся новыя парафіі, было адноўлена шмат святынь, а наш мясцовы Касцёл атрымаў мноства маладых святароў. Новыя малітоўныя групы і душпастырствы вядуць актыўную дзейнасць. Усё гэта здзейснілася дзякуючы вялікаму ўнёску свецкіх і духоўных асоб, за што сёння ім шчыра дзякую. Вельмі хацеў бы, каб гэтая гадавіна была для нас усіх нагодай, каб падзякаваць Пану Богу і каб адчуць сябе больш з’яднанымі. Будзем адзін для аднаго сведкамі ўваскрасення.
    Сёлетнія віншаванні, якія жадаю выказаць і якія прыносім адзін аднаму, вельмі адрозніваюцца ад віншаванняў мінулых гадоў. Эпідэмія, выкліканая каранавірусам, з’яўляецца вялікай нечаканасцю для свету і кожнага з нас. Таму сёння, як ніколі дагэтуль, нам патрэбна ласка веры, дзякуючы якой знойдзем шляхі да Бога і да чалавека. Патрэбна ўмацаванне надзеяй, якая падтрымае нашы слабыя сілы, і моц любові, каб не паддацца пачуццю страху, стаць больш чулымі на патрэбы іншых і – кажучы мовай св. Францішка – магчы не столькі шукаць суцяшэння, колькі даваць яго; не столькі шукаць разумення, колькі разумець; не столькі шукаць любові, колькі любіць.
    У час, калі перажываем радасць Велікодных свят, жадаю Вам, каб уваскрослы Хрыстос адорваў добрым здароўем і сіламі для прыняцця штодзённых выклікаў. Няхай Ён умацуе салідарнасць і сувязі паміж усімі членамі нашай дыяцэзіяльнай сям’і, няхай дасць цярплівасць у цяжкасцях і павялічыць надзею. Няхай Пан аддаліць ад нас хваробы і дасць ласку жыцця велікодным пасланнем, што Любоў усё перамагае.
    На час радаснага перажывання свят Уваскрасення Пана і давання сведчання пра ўваскрослага Хрыста запэўніваю Вас у сваёй малітве і ад усяго сэрца бласлаўляю.
   
    Хрыстос уваскрос! Сапраўды ўваскрос!
   
    Аляксандр Кашкевіч
   Біскуп Гродзенскі