Фрагмент Пастырскага ліста Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў беларусі на Дзень святасці жыцця 2021 года

Пастырскае Слова

[…] Літургія ўводзіць нас у глыбіню сэрца Марыі, у якім скрыты перажыванні, звязаныя з анёльскім звеставаннем. Прамоўленае Ёю “fiat” пацвярджае гатоўнасць чалавека прыняць абяцанне Бога, звязанае з Новым Запаветам, аб’яўленым і пацверджаным прыйсцем Езуса Хрыста ў свет, каб такім чынам чалавек мог пазнаць Бога.
У перажыванні таямніцы Уцелаўлення Марыя не адна. “Так, як Бог учыніў гэта з Марыяй, калі аб’явіў Ёй свой план збаўлення, аб’явіў свае планы і Юзафу. Гэта менавіта ён, св. Юзаф, у любых абставінах жыцця змог вымавіць сваё «fiat», як Марыя падчас Звеставання і Езус у Гефсіманскім садзе” (Patris corde, 3). […] У год, калі мы адзначаем 150-ю гадавіну абвяшчэння св. Юзафа Апекуном Паўсюднага Касцёла, Святы Айцец Францішак заахвочвае нас нанова адкрыць яго ролю ў выкананні абяцання Бога пра заключэнне Новага Запавету […].
    Такім чынам, можам смела сцвердзіць, што заключэнне Новага Запавету з чалавекам залежала ад паводзін Марыі, але ў такой жа ступені і ад св. Юзафа. Сталася так, што Бог даверыўся гэтаму чалавеку, падобна, зрэшты, і Марыя, якая “знайшла ў Юзафе таго, хто не толькі хоча выратаваць Яе жыццё, але таго, хто заўсёды будзе клапаціцца пра Яе і Дзіця” (Patris corde, 5).
    […] У бліжэйшы чацвер, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, мы ў чарговы раз будзем адзначаць Сусветны дзень святасці жыцця. Перажываючы гэтую таямніцу, усведамляем, што наш абавязак – абараняць жыццё ад яго зачацця да натуральнай смерці. Здзяйсняем гэта па-рознаму, далучаючыся да разнастайных акцый, якія сведчаць пра каштоўнасць чалавечага жыцця. Адной з такіх ініцыятыў Каталіцкага Касцёла з’яўляецца “Духоўнае ўсынаўленне”: малітва ў інтэнцыі ненароджаных дзяцей, жыццё якіх знаходзіцца ў небяспецы, і за іх бацькоў […].
    Сёння, калі мы вучымся ў св. Юзафа клопату і адказнасці за жыццё, заахвочваем да гэтай малітвы святароў, касэкраваных асоб, вернікаў Касцёла і ўсіх людзей добрай волі. “Падобна таму, як Бог сказаў нашаму святому: «Сыне Давіда, не бойся!» (Мц 1, 20), Ён, здаецца, паўтарае і нам: «Не бойцеся!»” (Patris corde, 4). Прыміце на сябе адказнасць за жыццё чалавека, бо «кожны раз, калі хтосьці прымае адказнасць за жыццё іншага чалавека, ён у пэўным сэнсе становіцца бацькам гэтага чалавека» (Patris corde, 7).
    На трывалую малітву і дзейнасць у абарону жыцця чалавека, якое знаходзіцца ў небяспецы, у год св. Юзафа ад усяго сэрца Вас бласлаўляем.
Поўная версія тут