Паведамленне Канферэнцыі Біскупаў

Актуальна - Пастырскае Слова

Каталіцкія біскупы Беларусі, занепакоеныя распаўсюджваннем і рэкламаваннем у нашай краіне так званага “штучнага апладнення”, скіравалі да вернікаў зварот, у якім нагадваюць, што жыццё паходзіць ад Бога, і толькі Ён з’яўляецца яго Валадаром. Толькі Творца вырашае аб узнікненні i заканчэнні чалавечага жыцця. На жаль, пад выглядам уяўнай дапамогі сужэнцам, якія маюць праблемы з зачаццем дзяцей, прапануецца так званы метад in vitro альбо ЭКА, які заключаецца ў апладненні па-за арганізмам жанчыны і здзяйсняецца лабараторным чынам. Біскупы нагадваюць, што іn vitro з’яўляецца схаванай формай аборту і селекцыі дзяцей: бярэцца некалькі зародкаў, з якіх выбіраюцца толькі некаторыя, а астатнія адкідваюцца, г.зн. забіваюцца. Такім чынам, бацькі, якія згаджаюцца на гэтую працэдуру, фактычна згаджаюцца на забойства дзяцей, якія не пройдуць селекцыі. У сувязі з гэтым Божы закон станоўча гаворыць Не апладненню in vitro альбо ЭКА. Кожны, хто нейкім чынам удзельнічае ў гэтым, робіць цяжкі грэх.
Зварот біскупаў нагадвае, што існуюць іншыя метады лячэння бясплоднасці, згодныя з Божым законам і навучаннем Касцёла, напрыклад: напратэхналогія. А калі яны аказваюцца безвыніковымі, то можа адносна гэтага сужэнства Бог мае спецыяльны план. Адказам на вялікае жаданне мець дзяцей і адначасова спосабам рэалізацыі бацькоўства і мацярынства можа быць усынаўленне дзіцяці. На свеце ж ёсць мільёны дзяцей, якіх пакінулі іх біялагічныя бацькі - гэта дзеці, якія хочуць сямейнага цяпла! Біскупы, усведамляючы маштаб і небяспеку штучнага апладнення як у свеце, так і ў нашай краіне, звяртаюцца да ўсіх Вас, каб Вы мелі адвагу і баранілі чалавечае жыццё і на гэтую справу ўдзяляюць Вам сваё пастырскае благаславенне.