У духу любові да Хрыста

Слова рэдактара

У імгненне вока па нашай краіне разнеслася радасная вестка, што Святы Айцец Францішак прызначыў былога дапаможнага біскупа і генеральнага вікарыя Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Юзафа Станеўскага арцыбіскупам Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.
   У асобе новапрызначанага арцыбіскупа Мінска-Магілёўская архідыяцэзія і ўся Мітраполія Каталіцкага Касцёла ў Беларусі атрымалі заўзятага і разважлівага пастыра, які ў духу любові да Хрыста Пана, у духу адказнасці і клопату пра дабро Божага люду будзе весці даручаную яму супольнасць мясцовага Касцёла па шляху веры да Хрыста, адзінага Збаўцы свету і Адкупіцеля чалавека.
Паказальна, што гэтае прызначэнне адбылося ў той час, калі ў Бялынічах на Магілёўшчыне адзначаліся галоўныя ўрачыстасці з нагоды 30-годдзя адраджэння структур Каталіцкага Касцёла ў нашай краіне.
    Ахінём малітвай новага мітрапаліта, народжанага на нашай гродзенскай зямлі, каб з радасцю Евангелля ён мог дасягнуць сэрцаў усіх сваіх новых дыяцэзіян, памнажаючы ў іх любоў да Бога і жаданне быць Яго вернымі вучнямі!