Сэрца адпачывае толькі ў Богу

Слова рэдактара

Некаторыя ўжо адправіліся на вакацыі, іншыя ўсё яшчэ чакаюць. Пачатак чэрвеня – добры час, каб падумаць пра адпачынак. Магчыма, некаторыя ўжо запланавалі водпускі, паездкі і варыянт правядзення гэтага часу.
   Падчас сёлетніх вакацый таксама нельга забываць пра Бога. Толькі Творца можа даць чалавеку перадышку і супакой. Бясспрэчна, адпачыць пасля працы, у водпуску, на канікулах – добра, але сапраўдны адпачынак, экзістэнцыяльны, у якім узнавіць свае сілы можа наша сэрца, паходзіць ад Бога..
Сёлета зноў не будзе арганізаваных пешых паломніцтваў, але гэта не павінна выклікаць смутак і скаргі. Магчыма, варта самастойна выбрацца ў якое-небудзь святое месца, каб перажыць там прысутнасць і дзеянне Бога ў нашым жыцці.
    Давайце памятаць, што чалавечае цела можа адпачыць на пляжы ці ў басейне, розум – падчас чытання добрай кнігі, у кіно ці тэатры, але сэрца адпачывае толькі ў Богу.
    Няхай вакацыі стануць для нас магчымасцю сузірання і праслаўлення Пана Бога, а не ўцёкамі ад рэальнасці. Давайце паглядзім на акружаючую рэчаіснасць і скажам: якое цудоўнае наша жыццё!