Спрабаваць дайсці ў Вашыя дамы і сэрцы

Слова рэдактара

Літургічны ўспамін св. Францішка Сальскага, біскупа і доктара Касцёла, – патранальны дзень і свята ўсіх каталіцкіх журналістаў. Таму дазвольце з гэтай нагоды выказаць удзячнасць за ўсе добрыя словы і пажаданні, якія Вы адрасуеце нам.
   Як галоўны рэдактар нашай дыяцэзіяльнай газеты ў патранальнае свята я ў чарговы раз усведамляю, што сёння на сродках масавай інфармацыі ляжыць вялікая адказнасць за евангелізацыйную місію. Мы прагнем выконваць гэтае заданне як мага лепш і як мага больш дасканала, стараемся ўкладваць у сваю штодзённую працу час і сэрца.
Праз каталіцкія СМІ дыяцэзіі па прыкладзе нашага заступніка, які па-наватарску для свайго часу выкарыстоўваў сродкі масавай інфармацыі, каб распаўсюджваць Добрую Навіну, мы пастаянна спрабуем дайсці ў Вашы дамы і сэрцы. Хочам несці дабро далей. Хочам дзяліцца ім з Вамі.
    Св. Павел VI калісьці казаў, што каталіцкія газеты не павінны выдаваць навіны, якія толькі ўражваюць і наганяюць кліентаў, але мусяць несці дабро тым, хто іх чытае, выхоўваць чытачоў, каб думалі і выказвалі меркаванні.
    Дык давайце працягваць несці дабро ў свет і змяняць аблічча зямлі – нашай гродзенскай зямлі!