Не зможам тады правільна пражыць Раство, калі напоўнім сябе падарункамі, абедамі і вячэрамі, але не дапаможам хоць аднаму бедняку, падобнаму да Хрыста, які ў Божае Нараджэнне прыйшоў убогі.
Гэта не будзе Божае Нараджэнне, калі, завязнуўшы ў абыякавасці, мы не захочам распазнаць і прыняць аблічча Пана ў чалавеку слабым і пакутуючым, у хворым і пакінутым іншымі альбо ў тым, хто шукае сваё месца. Гэта таксама не будзе Божае Нараджэнне, калі застанёмся пагружаныя ў спрэчкі, якія нас так моцна раздзяляюць і ў якіх будзем узаемна папракаць за памылкі і працягваць крыўдзіцца адзін на аднаго. Гэта не будзе Божае Нараджэнне, калі з-за страху ці з-за таго, што так зручней, мы замкнёмся ў сваім свеце, не бачачы ні сэнсу, ні неабходнасці выходзіць да іншых. Божае Нараджэнне настане толькі тады, калі адрачэмся ад бязбожнасці ды пажадлівасці свету і пачнём жыць разважліва, справядліва і набожна (параўн. Ціт 2, 12).
Няхай Езус Хрыстус заўсёды будзе ў нашых сэрцах і ў нашых дамах. Няхай Ён пагасіць усякі разлад, узмоцніць любоў, вызваліць ад ланцугоў граху і напоўніць сапраўднай радасцю.
Шчаслівых свят Божага Нараджэння! Сустрэнемся зноў у новым 2021 годзе!